На выбарах прэзідэнта Харватыі перамог Зоран Міланавіч. Ён супраць падтрымкі Украіны
У другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Харватыі перамогу атрымаў кіраўнік дзяржавы Зоран Міланавіч, які набраў амаль 74,7% галасоў выбаршчыкаў, піша Радыё Свабода.
13.01.2025 / 10:02
Зоран Міланавіч. Фота: predsjednik.hr
Супернік Міланавіча, былы міністр адукацыі Драган Прымарац, атрымаў 25,3% галасоў. Яшчэ 3,8% выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі, сапсавалі бюлетэнь, упісаўшы ў яго трэціх кандыдатаў ці заявіўшы, што ім не падыходзіць ні адзін з прадстаўленых. Аднак іх выбар пры падліку не ўлічваўся. Яўка на выбары склала амаль 44,2%.
Першы тур прэзідэнцкіх выбараў адбыўся 29 снежня. Тады ні адзін з кандыдатаў не набраў 50% галасоў: Міланавічу для перамогі не хапіла каля аднаго працэнта.
Міланавіч займае пасаду прэзідэнта з лютага 2020 года. Раней ён узначальваў Сацыял-дэмакратычную партыю Харватыі. Міланавіч неаднаразова крытыкаваў Украіну, называючы яе найбольш карумпаванай краінай свету, і выступаў супраць дапамогі Кіеву з боку Еўрасаюза і НАТА.
Прэзідэнт таксама рэгулярна ўступае ў канфлікты з прэм’ер-міністрам Андрэем Пленкавічам. Празаходнія палітыкі асуджаюць Міланавіча за яго прарасійскую пазіцыю ў дачыненні да канфлікту паміж Масквой і Кіевам.