Малодшы брат забітага лідара ХАМАС Ях'і Сінвара ўзначаліў групоўку

Мухамед Сінвар знаходзіцца «ў цэнтры намаганняў па адраджэнні ХАМАС» і займаецца вербаваннем новых удзельнікаў руху, піша The Wall Street Journal.

13.01.2025 / 11:29

Ілюстрацыйнае фота Yousef Masoud / AP

Па звестках выдання, новаму кіраўніку групоўкі каля 50 гадоў. Ён, як і яго брат, далучыўся да ХАМАС у маладым узросце. WSJ адзначае, што Мухамед не правёў «значную колькасць часу» ў ізраільскай турме, таму ізраільскія спецслужбы «менш разумеюць» яго дзейнасць. У яго ёсць мянушка «Цень» за схільнасць дзейнічаць «за кулісамі».

Ізраільскія ўлады мяркуюць, што Мухамед Сінвар мае дачыненне да выкрадання ізраільскага вайскоўца ў 2006 годзе. Гэтае выкраданне прывяло да абмену, у выніку якога з турмы вызваліўся яго брат Ях'я.

Ях'я Сінвар узначаліў палітбюро ХАМАС пасля забойства Ісмаіла Ханіі летам 2024 года. Сінвара лічаць галоўным арганізатарам уварвання ХАМАС у Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года. 16 кастрычніка 2024 года ён быў забіты Арміяй абароны Ізраіля.

Nashaniva.com