ААЦ ануляваў дамен платформы petitions.by

Аператыўна-аналітычны цэнтр (ААЦ) Беларусі ануляваў запісы рэгістрацыі даменнага імя платформы па стварэнні петыцый «Зручны горад» petitions.by, паведамілі стваральнікі партала.

13.01.2025 / 12:15

«Дамен petitions.by больш не належыць нам і можа быць выкарыстаны трэцімі асобамі, у тым ліку структурамі, якія могуць выкарыстоўваць яго ў злачынных мэтах, напрыклад, для збору вашых даных», — пішуць стваральнікі платформы.

У праекта застаўся працоўны дамен e-petitions.by. Стваральнікі сайта заяўляюць, што ў найбліжэйшы час плануюць набыць новы дамен за межамі зоны.BY і зрабіць яго асноўным.

Пакуль жа аўтары праекта заклікаюць карыстальнікаў выдаліць усе апавяшчэнні ад petitions.by, якія атрымалі да анулявання.

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 30 снежня 2024 года прызнаў сайт, старонкі ў Instagram, Facebook і Telegram платформы Petitions.by «экстрэмісцкімі» матэрыяламі.

З 2021 года сайт Petitions.by перастаў адкрывацца ў Беларусі.

Nashaniva.com