«Ну і сядзі, рохкай далей». Невядомы засмуціўся, калі не здолеў падмануць беларуса ў інтэрнэце
Невядомы спрабаваў падмануць прадаўца ў інтэрнэце, скідаўшы яму фэйкавую спасылку на дастаўку. Але ўсё пайшло не па плане.
13.01.2025 / 13:28
Махляры спрабуюць «развесці» прадаўцоў тавараў на анлайн-пляцоўках. Яны карыстаюцца падробленымі спасылкамі на сэрвіс папулярнай дастаўкі.
Гісторыяй пра тое, як у махляра не атрымалася, падзяліўся чытач Onliner. Ён прадаваў тавар на адным з сайтаў. З ім звязаўся нібыта патэнцыйны пакупнік, каб удакладніць дэталі.
Чалавек быццам няправільна ўбачыў горад у аб’яве і прапанаваў аформіць кур’ерскую дастаўку праз сэрвіс «Еўрапошта», паколькі накладзеным плацяжом яму было нязручна.
Затым невядомы даслаў прадаўцу спасылку на заказ. Аднак дамен адрозніваўся ад афіцыйнага дамена «Еўрапошты».
Гісторыя скончылася галасавым паведамленнем. Невядомы зразумеў, што падмануць не атрымалася, і сказаў: «Ну і сядзі, рохкай далей».
Судзячы па ўсім, па падробленай спасылцы быў фейкавы інтэрфейс «Еўрапошты», дзе трэба было б уводзіць дадзеныя банкаўскай карткі. Такім чынам зламыснікі спрабуюць завалодаць важнай інфармацыяй, што можа прывесці да страты грошай.