Прэм'ер Літвы: Словы Кандратовіча пра блізкасць беларускай нацыі гучаць дзіўна
Гінтаўтас Палуцкас пракаментаваў словы міністра ўнутраных спраў Літвы Уладзіслава Кандратовіча пра тое, што Беларусь — культурна найбліжэйшая краіна для Літвы.
13.01.2025 / 14:57
Гінтаўтас Палуцкас. Фота: Augustas Didžgalvis / Wikimedia Commons
Прэм'ер-міністр Літвы ацаніў выказванне кіраўніка МУС як дзіўнае, піша LRT.
«У сённяшнім кантэксце гэта гучыць даволі дзіўна, таму што рэжым Лукашэнкі, безумоўна, варожы Літве», — сказаў Палуцкас.
Пры гэтым кіраўнік літоўскага ўрада дадаў, што беларуская дыяспара ў краіне фармавалася многія дзесяцігоддзі.
«Калі ж паглядзець на гісторыю многіх дзесяцігоддзяў, адкуль у Літвы была дадатковая іміграцыя, як гэтыя дыяспары адаптаваліся да Літвы, то насамрэч гэта Украіна, Беларусь, і нас гэта не павінна моцна здзіўляць», — адзначыў Палуцкас.
Ён таксама заявіў, што іміграцыя ў Літву павінна кантралявацца. У краіне ўжо пражываюць 220 тысяч чалавек, якія прыбылі з-за мяжы, што складае 8% насельніцтва дзяржавы.
«Гэта сапраўды можа стаць выклікам, таму да гэтых пытанняў трэба падыходзіць сур'ёзна, улічваючы таксама геапалітычную сітуацыю. Аднак каментар міністра з'яўляецца часткай больш шырокага кантэксту», — адзначыў прэм'ер-міністр Літвы.
Кіраўнік МУС Уладзіслаў Кандратовіч раней назваў Беларусь культурна самай блізкай краінай для Літвы. Разам з тым міністр адзначыў неабходнасць улічваць і магчымыя рызыкі для бяспекі дзяржавы.