Пажарныя самалёты афарбоўваюць Лос-Анджэлес у ружовы колер
У барацьбе з разбуральнымі ляснымі пажарамі ў Каліфорніі, якія ахапілі больш за 15 000 гектараў, задзейнічалі пажарныя самалёты, якія выкарыстоўваюць спецыяльныя вогнеабаронныя сумесі.
13.01.2025 / 14:55
Фота: Eric Thayer / AP
Хімічныя рэчывы, што дадаюцца ў ваду, заснаваныя на фасфатах і сульфатах амонія. Пры кантакце з полымем яны вылучаюць вуглякіслы газ, што дапамагае тушыць агонь, піша Bild.
Гэтыя сумесі, якія скідваюць на ахопленыя агнём тэрыторыі, прадухіляюць далейшае распаўсюджванне пажару. У склад раствору таксама дадаюць фарбавальнік, каб пажарныя маглі бачыць, дзе менавіта была праведзена апрацоўка. Вынікам стала незвычайнае відовішча: вуліцы Лос-Анджэлеса, аўтамабілі, дамы і нават расліны пакрыліся ружовым налётам.
Фота: Eric Thayer / AP
Падтрымку каліфарнійскім пажарным аказваюць вайскоўцы і міжнародныя партнёры. Аднак, нягледзячы на ўсе намаганні, пажары Palisades Fire і Eaton Fire ужо ўвайшлі ў лік найбольш разбуральных для Лос-Анджэлеса.
Паводле даных пажарных службаў, ужо згарэла не менш за 12 000 будынкаў, каля 150 000 чалавек былі вымушаны пакінуць свае дамы.
Сітуацыя з пажарамі ў Лос-Анджэлесе становіцца крытычнай. Яны не сціхаюць
Абвяшчэнне намінантаў на «Оскар» перанеслі праз пажары ў Лос-Анджэлесе