Падлетак у Мінску ўдарыў мінака нагой па твары. Яму прызначылі незвычайнае пакаранне

17-гадовы хлопец вырашыў заступіцца за брата, паказаў навыкі кунг-фу і атрымаў крымінальную справу.

13.01.2025 / 15:35

Кампанія моладзі ноччу гуляла па праспекце Незалежнасці ў Мінску. У нейкі момант мінак выпадкова зачапіў плячом аднаго з маладых людзей. Завязалася перапалка.

За юнака, у якога ўзнік канфлікт з мінаком, раптам вырашыў заступіцца непаўналетні брат. Ён ударыў незнаёмага мужчыну нагой па твары і разбіў яму нос, пішуць «Мінск-Навіны».

Пацярпелы звярнуўся ў міліцыю, на хлопца завялі справу аб хуліганстве. Віну ён прызнаў і нават перадаў мужчыну 100 рублёў у якасці кампенсацыі. 

Суд прымяніў да падлетка прымусовыя меры выхаваўчага характару на шэсць месяцаў. Яму забаранілі выходзіць на вуліцу з 20.00 да 7.00, абавязалі адзначацца ў міліцыі два разы на месяц, а таксама забаранілі наведванне месцаў, дзе прадаюць алкаголь.

Nashaniva.com