У Брытаніі выпусцілі манеты «Старэйшы брат сочыць за табой»

Брытанскі Каралеўскі манетны двор выпусціў манету наміналам два фунты, прысвечаную 75-годдзю са дня смерці пісьменніка Джорджа Оруэла, піша Бі-бі-сі.

14.01.2025 / 10:21

Фота: The Royal Mint

На рэверсе манеты намалявана вока, вакол якога змешчана самая вядомая цытата з антыўтопіі Оруэла «1984»: «Старэйшы брат сочыць за табой».

Гурт юбілейнай манеты ўпрыгожаны яшчэ адной знакамітай цытатай з гэтага рамана: «Ёсць праўда і ёсць няпраўда».

Аўтар дызайну Генры Грэй адзначае, што яго работа натхнёная не толькі творчасцю Оруэла, але і сучаснымі тэхналогіямі, некаторыя з якіх зрабілі прадказанні пісьменніка рэальнасцю.

«Гэта падобна да аб’ектыва камеры, які пастаянна сочыць за табой, не міргаючы, — сказаў Грэй. — Сёння ў нашых дамах паўсюль ёсць тэлефоны і камеры, рэкламшчыкі слухаюць нашы размовы праз тэлефоны, таму мы не можам не заўважаць, што за намі пастаянна назіраюць. І менавіта пра гэта быў напісаны раман «1984»».

«Ён пра жыццё ва ўмовах, калі ўсё знаходзіцца пад наглядам, а на людзей пастаянна ціснуць, каб яны прымалі парадак рэчаў», — дадаў аўтар.

Манету можна будзе набыць на сайце Каралеўскага манетнага двара, пачынаючы з 15 студзеня.

Джордж Оруэл (сапраўднае імя Эрык Артур Блэр) памёр 21 студзеня 1950 года ва ўзросце 46 гадоў.

Раман «1984», які выйшаў у 1949 годзе, стаў самым вядомым творам Оруэла. У ім апісана таталітарнае грамадства, якое адначасова нагадвае і Савецкі Саюз, і нацысцкую Германію. У СССР раман быў забаронены, як і забаронены зараз у Беларусі.

Nashaniva.com