Лукашэнка даручыў новаму кіраўніку МАРГ вывучыць савецкі вопыт у гандлі

Пры назначэнні Артура Карповіча кіраўніком МАРГ Лукашэнка нагадаў таму пра важную задачу, якую ён даручыў эканамістам краіны, — прыдумаць формулу справядлівых цэн. Зрабіць гэта трэба было ўжо ў пачатку 2025 года. 

14.01.2025 / 13:07

Адкрываючы 30 снежня новыя станцыі метро, Аляксандр Лукашэнка нечакана загаварыў пра цэны. Замест рыначнага і дзяржаўнага ён тады прыдумаў новае цэнаўтварэнне — справядлівае. 

Паводле слоў Лукашэнкі, цяпер у краіне цяпер ідзе работа над новай формулай цэнаўтварэння, прычым «пакуль у свеце няма такога вопыту».

Новаму міністру гандлю прыйдзецца рашаць гэту задачу. 

Лукашэнка звярнуў увагу кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрыя Крутога на тое, што выпрацоўка формулы з'яўляецца задачай усяго ўрада, а не толькі МАРГ. І трэба прыкласці максімальныя намаганні, каб «у нас усё ж такі формула справядлівасці ў цэнаўтварэнні прысутнічала», лічыць Лукашэнка.

Ён даручыў новаму міністру вывучыць савецкі вопыт у гандлі і забяспечыць асартымент на паліцах беларускіх магазінаў. «І каб цэны ні ў якім разе не скакалі, асабліва ўверх. Гэта вы павінны бачыць на аб'ектах гандлю — у крамах. Не важна, якой уласнасці яны — дзяржаўныя ці прыватныя», — сказаў ён.

Nashaniva.com