Дарадца прэзідэнта Літвы: Паездкі беларусаў на радзіму і назад выглядаюць падазрона

Дарадца прэзідэнта Літвы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Марюс Чэснулявічус заявіў, што паездкі беларусаў, якія пражываюць у Літве, на радзіму і назад выглядаюць падазрона. Паводле яго слоў, выклікае занепакоенасць тое, што гэтыя грамадзяне могуць падвяргацца ціску з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, піша Delfi.lt

14.01.2025 / 13:34

«Паездкі туды і назад, мякка кажучы, падазроныя. (…) Ці могуць грамадзяне Беларусі, якія ўцяклі ад рэжыму, але вяртаюцца назад, падвяргацца ціску з боку КДБ ці іншых службаў? Так, адназначна. Ці стварае гэта ўмовы для таго, каб зрабіць іх агентамі і прымусіць працаваць на рэжым? Так, адназначна», — сказаў Чэснулявічус.

Ён падкрэсліў, што ў такой сітуацыі на Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) кладзецца велізарная нагрузка. «Нягледзячы на павелічэнне іх бюджэту, усё роўна неабходна сфарміраваць штат супрацоўнікаў і мець інструменты, якія не ствараюцца за адзін дзень. Нагрузка на ДДБ каласальная, гэта сапраўды вялікая праблема», — адзначыў ён.

Аднак дарадца заявіў, што простага рашэння гэтага пытання няма, паколькі неабходна ўлічваць і аспекты правоў чалавека. «Але караць людзей толькі за тое, што там рэжым, нельга.

Тут няма простага і лёгкага адказу, і мы працягнем абмяркоўваць гэтае пытанне як з пункту гледжання правоў чалавека, так і з пункту гледжання спецслужбаў, якія павінны забяспечваць нашу ўласную бяспеку», — сказаў Чэснулявічус.

Урад прапануе Сейму працягнуць нацыянальныя санкцыі, якія прымяняюцца да грамадзян Расіі і Беларусі, яшчэ на год — да 2 мая 2026 года.

Новы міністр унутраных спраў Літвы Кандратовіч: Культурна самая блізкая краіна для Літвы — гэта, вядома, Беларусь

Прэм'ер Літвы: Словы Кандратовіча пра блізкасць беларускай нацыі гучаць дзіўна

Nashaniva.com