«Ідзі адзін». Чаму Пятровіча чытаюць не так, як Бахарэвіча?

Барыс Пятровіч недаацэнены. Хто адкрые яго новую кнігу, не пашкадуе, піша Зося Лугавая.

14.01.2025 / 21:37

Барыс Пятровіч называе сваю кароткую прозу фрэскамі. Яны пішуцца не адрываючы рукі і потым не правяцца — так, як пішуцца фрэскі ў храмах: пакуль не высахла тынкоўка.

«Ад жыцця прачнуцца» — гэта тэксты розных гадоў. Нават калі не заўважыць пазнак на вокладцы, пра гэта можна здагадацца: раздзелы зборніка розняцца зместам і формай. 

Сярод сюжэтаў ёсць рамантычныя, фантастычныя, а нават прыгодніцкія. Тэксты двух апошніх раздзелаў — гэта проста плынь: назіранняў, успамінаў, свядомасці.

Аб’ядноўвае ўсе тэксты «пачуццё трывогі ды неспакою». Так скажа герой аднаго апавядання пра выпадковую сустрэчу. Але, натрапіўшы на гэтыя словы, я зразумела: фармулёўку можна экстрапаляваць на ўвесь зборнік.

Экзістэнцыйная трывожнасць Барыса Пятровіча мае адначасова ўніверсальныя і нейкія глыбінна беларускія рысы. У ёй і агульначалавечая адзінота, і самота індывіда ўнутры чалавечай бурбалкі, з якой няма куды падзецца. 

«…няма больш самотнае істоты ў сусвеце, чым чалавек. Кожны. Сам. Адзіны і непаўторны… І самотнасць гэтая якраз ад разумення непаўторнасці. Непаўторнасці кожнае пражытае хвілі. Непаўторнасці кожнага асабістага лёсу… Усё астатняе — штучнае, няпраўда, жаданне падмануць сябе, сваю адзіноту». 

Але гэтая самотнасць не адчуваецца штучнай, не адчуваецца позай аўтара. Яна натуральная. Сумнявацца не выпадае: Пятровіч так бачыць гэты свет. І пра гэты застрашлівы айсберг чалавечае самоты ён піша стрыманай, простай мовай. 

 «І Саша зразумеў — на дрэве жыла ягоная адзінота. І ёй было адзінока без яго, а яму — без яе. Яшчэ трохі і ён мог бы звар’яцець у гэтым пакоі ад адзіноты, што жыла пад вакном…»

Мяне зачароўвала, як паміж рэалістычных, часам вельмі страшных, сюжэтаў раптам узнікае чорт ведае што. Напрыклад, з’яўляюцца маленькія чалавечкі, хохлікі, якія цягаюць у гаспадара ежу, пакуль той, як яны думаюць, не бачыць. Упершыню заўважыўшы хохлікаў, калі прымаў ванну, герой пачынае бачыць іх рэгулярна. Дзівіцца, назірае, уважае за нейкую паралельную цывілізацыю. Скончыцца гэта ўсё не надта добра. А ты застаешся з пытаннем, ці тое было толькі ў галаве ў чалавека? Ці тое было прадвесцем? А можа сімптомам?… 

Я даўно не чытала такога па-беларуску і не прыгадаю, ці чытала ўвогуле штосьці такое ў выкананні беларускіх аўтараў. Тэксты Пятровіча абудзілі ўва мне ўспаміны пра зборнікі апавяданняў Хуліа Картасара, якім зачытвалася ў студэнцкія гады. Тое самае ўнутранае хваляванне, непакой, недасказанасць.

Але ёсць у зборніку тэксты іншага гатунку: назіранні і разважанні пра звычайныя з’явы чалавечага жыцця. Напрыклад, пра фікус. Ці быў у вашай вясковай бабулі фікус? У маёй іх было некалькі. І ў сваякоў, і ў суседзяў. Здаецца, ва ўсіх вясковых хатах з майго дзяцінства былі фікусы. 

«Калі я нарадзіўся, ён ужо быў. І таму я думаю, што ён быў у нас заўсёды. Прынамсі, калі я спытаў у мамы, адкуль у нас фікус, яна адказала: не ведаю — калі я нарадзілася, ён ужо рос. І расказала, што калі вёску палілі немцы, і хата наша гарэла, бабуля фікус уратавала: вынесла ў сад. Было лета, і ён не прапаў, а на восень забралі яго ў зямлянку, і быў ён высокі — да столі, і ўсю зіму грэў іх зялёнаю надзеяй на вясну».

Дзе падзеліся гэтыя фікусы цяпер? І што чуваць пра надзею?

Пятровіч быццам бы адасоблены і стрыманы, але пэўная гульня (з чытачом ці, хутчэй, з самім сабой) заўважная. Напрыклад, на ўзроўні назваў. У першым раздзеле сабраныя тэксты з назвамі: «Пас аддаць», «Каханым быць», «Кватэру памяняць», «Сцюжаю згінуць», «Раўнавагу захаваць», «Старасць зведаць», «Ад жыцця прачнуцца». 

Ці, напрыклад, апошні шосты раздзел, ад адных назваў у якім становіцца трывожна: бязмежжа, трыванне, імгла, нуль, замова, мара, цемра, стрэл, выйсце… І напрыканцы: ідзі адзін. Так, дарэчы, называецца адна з кнігаў аўтара, якая выходзіла ў 2019 годзе. 

Можна заўважыць і перагуканне з іншымі творамі беларускай літаратуры. Нечакана, каротка, сціпла.

«Ён азіраўся назад, на прабеглыя гады, што склаліся ў дзесяцігоддзі, і не бачыў іх там, дзе яны павінны знаходзіцца. Ён заўважаў змены ў самім сабе, але толькі знешнія: цела сточвалася вятрамі, рыхлілася часам, маршчыніла дарогамі, пранізвалася адказнасцю, а ўсведамленне «Я ёсць» так і не прыходзіла да яго: адразу ж рабілася «Я быў», каб урэшце стаць «Мяне няма». 

Дарэчы, у Барыса Пятровіча ёсць кніга «Спачатку была цемра». Сюжэтны ход у якой — абуджэнне героя пасля некалькіх гадоў комы — не можа не нагадаць «Былога сына» Сашы Філіпенкі. Кнігі выйшлі прыкладна ў адзін час, але кніга Пятровіча — крыху раней. 

Чаму Барыса Пятровіча мала ведаюць? Чаму ягонае імя не на слыху, у адрозненне, скажам, ад Бахарэвіча, Марціновіча, Філіпенкі? Таму што Пятровіч амаль не займаецца прасоўваннем сваёй творчасці. Мяркую, прычына тоіцца ў светаадчуванні аўтара. Праз усе яго тэксты — празаічныя і паэтычныя — праходзіць думка, што ты адзін і ніхто напоўніцу зразумець цябе не здолее. Дый не павінен.

Барыс Пятровіч. Фрэскі. Ад жыцця прачнуцца. — 2024.

Платон Станкевіч — запомніце гэтае імя. Магчыма, нарадзіўся новы пісьменнік

«У беларускай кніжнай прасторы час быццам запаволіўся». Зося Лугавая расказала пра тэндэнцыі ў літаратуры

Бясконцы yesterday Вінцэся Мудрова

Колькі ж тут Мінска! Пра новую кнігу Заміроўскай

Nashaniva.com