«Ён не зломлены». Як успрыняў прысуд 64-гадовы святар з Валожына, асуджаны на 11 гадоў

Ксёндз Генрых Акалатовіч жартаваў, трымаўся ў добрым духу і прасіў аб малітве.

14.01.2025 / 15:40

Вернікам стала вядома пра стан каталіцкага святара Генрыха Акалатовіча, які быў асуджаны ў Мінску на 11 гадоў пазбаўлення волі, піша katolik.life.

На прысуд святар адрэагаваў спакойна. Як даведаліся вернікі, ксёндз Генрых, безумоўна, не пагадзіўся з прысудам і мае намер яго абскардзіць — ён не лічыць сябе ў чым-небудзь вінаватым, у судзе ён таксама віну не прызнаў.

Але з улікам умоў, якія склаліся ў Беларусі, святар згодны на падпісанне прашэння аб памілаванні, калі гэта прапануюць. 64-гадовы ксёндз мае цяжкія хваробы і правёў за кратамі ўжо больш за год.

Тым не менш, ён трымаецца добра, захоўвае бадзёрасць духу і нават жартуе над сваім прысудам — параўноўвае яго з тымі, якія выносілі пры камуністычным рэжыме.

Па-ранейшаму просіць аб малітве і паўтарае, што спадзяецца толькі на Бога і давярае яму сваё жыццё.

Nashaniva.com