Прадпрымальныя жыхары Магілёва самастойна калечылі сябе, каб атрымаць страхоўку. Яны зарабілі 435 тысяч рублёў

Супраць іх завялі крымінальную справу, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

14.01.2025 / 16:00

Вядома, што яны з 2021 па 2024 год заключалі дамовы добраахвотнага страхавання ад няшчасных выпадкаў у розных гарадах Беларусі. Пасля гэтага яны наўмысна наносілі сабе розныя цялесныя пашкоджанні.

З траўмамі беларусы звярталіся ва ўстановы аховы здароўя, дзе медработнікі афармлялі дакументы пра абставіны атрымання траўмаў толькі са слоў абвінавачаных.

«Пасля лячэння абвінавачаныя звярталіся ў страхавыя арганізацыі і інфармавалі іх пра нібыта няшчасныя выпадкі, якія мелі месца — гэта было падставай для налічэння і перакладу ім незаконных страхавых выплат», — паведамляе ведамства.

Такім чынам абвінавачаныя змаглі зарабіць больш за 435 тысяч рублёў.

Беларусаў абвінавацілі ў махлярстве (частка 4 артыкула 209 КК). Трох абвінавачаных змясцілі ў СІЗА, яшчэ чацвёра знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Nashaniva.com