Пад Нясвіжам прадаюць рэшткі старадаўняй рэзідэнцыі Радзівілаў
На пляцоўцы па продажы маёмасці «БелЮрЗабеспячэнне» з'явілася інфармацыя пра продаж старадаўняй рэзідэнцыі князёў Радзівілаў. Дакладней, таго, што ад яе засталося, піша Blizko.by.
14.01.2025 / 16:36
У аб'яве напісана:
«Будынак адміністрацыйны «Альба». Прызначэнне: будынак спецыялізаваны іншага прызначэння. Складовыя часткі і прылады: цэлы двухпавярховы цагляны будынак асноўнага корпуса біяміцыну П2/к з халоднай прыбудовай».
Продажам займаецца кампанія «Комплекс Лэйк».
Аднак гэта не проста цагляны будынак, а ацалелая частка фамільнай рэзідэнцыі князёў Радзівілаў у маёнтку Альба пад Нясвіжам. Яе заклаў яшчэ ў канцы XVI стагоддзя Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка», які пасля падарожжа па Заходняй Еўропе вырашыў у сябе ў Нясвіжы збудаваць нешта падобнае да сядзібы еўрапейскага феадала.
Засваенне Альбы як загараднай рэзідэнцыі Радзівілы пачалі ў канцы XVI стагоддзя, тады ж быў закладзены шырокі парк. Самы стары палац ансамбля, Эрэміторый, быў пабудаваны Мікалаем Крыштофам Радзівілам і быў цалкам страчаны да XIX стагоддзя. Палацы, якія ўзводзіліся пазней, таксама былі разбураныя падчас шматлікіх войнаў.
Да нашых дзён захаваўся толькі бровар, пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя. У будынку дагэтуль размяшчалася вытворчасць. Будынак падвергнуўся шматлікім перабудовам і прыбудовам і цяпер знаходзіцца ў вельмі непрывабным стане.
Стартавая цана лота — 12 тысяч рублёў. Акрамя таго, пакупнік павінен будзе аплаціць выдаткі на абслугоўванне аўкцыённай пляцоўкі (3% ад сумы лота) і 119 рублёў затрат. Разам мінімальная выніковая цана складзе 12 479 рублёў, або прыкладна 3 567 даляраў.
З аўкцыёну хочуць прадаць будынак гатэля каля мінскага стадыёна «Дынама»
З аўкцыёну прадаюць частку вядомага будаўнічага рынку ва Уруччы
Былы бернардзінскі кляштар спрабуюць прадаць са зніжкай у 80%