Форум апазіцыі называецца «Беларусы годныя лепшага». А па-беларуску правільна так казаць?

«Годныя лепшага» ці «вартыя лепшага»?

14.01.2025 / 17:03

Эмблема «Беларусы годныя лепшага»

26 студзеня ў Варшаве адбудзецца маштабны форум «Беларусы годныя лепшага», арганізаваны апазіцыйнымі сіламі — офісам Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінетам і Каардынацыйнай радай.

Мерапрыемства адбудзецца ў дзень прэзідэнцкіх выбараў і будзе ўяўляць сабой дыскусіі на розныя тэмы і музычныя выступы.

Але ў некаторых чытачоў «Нашай Нівы» ўзніклі пытанні да назвы форума, яны дзень за днём прапануюць нам выправіць памылковы, на іх думку, выбар слова — памяняць «годныя лепшага» на «вартыя лепшага».

Гэтае ж пытанне ўзнікла ў фэйсбук-суполцы «Толькі пра мову». Мовазнаўца Вінцук Вячорка патлумачыў падпісчыкам, што памылкі ў назве апазіцыйнага форуму няма:

«У старабеларускай мове і ў класікаў так. Годны веры. Годны свайго бацькі (Гарэцкі). Ясна, што цяпер хутчэй скажам «варты нечага», але і «годны нечага» не памылка»

Апроч таго, ён патлумачыў, што «дастойны» і «годны» — толькі частковыя сінонімы.

«Дастойнасць успрымаецца як архаізм, напрыклад, зварот Ваша дастойнасць. Годнасць — сучаснае шматзначнае слова, у тым ліку са значэннем 'званне, тытул': надалі годнасць народнага пісьменніка.

Ну а выраз «годны нечага» — мо нехта ўспрымае яго як архаічны, але я хутчэй лічыў бы яго выразам высокага стылю», — патлумачыў Вінцук Вячорка.

Nashaniva.com