Ва Украіне за незаконнае перасячэнне мяжы затрымалі і выдварылі двух братоў-беларусаў

Двух братоў, беспрацоўных грамадзян Беларусі, затрымалі ўвечары 11 кастрычніка мінулага года ў вёсцы Дзянісавічы Кіеўскай вобласці. Затрыманыя казалі, што збіралі грыбы. Пра інцыдэнт стала вядома з апублікаванага 13 студзеня судовага рашэння, паведаміла «Радыё Свабода».

14.01.2025 / 17:15

На ўкраінскай мяжы з Беларуссю. Ілюстрацыйнае фота

Гэтая вёска знаходзіцца ў чарнобыльскай зоне Украіны і з 1999 года знятая з уліку, бо ў 1993 годзе яе жыхароў канчаткова перасялілі ў іншы раён Кіеўскай вобласці.

Дзянісавічы знаходзяцца ў Кіеўскай вобласці, за тры кіламетры ад беларускай мяжы і за 35 кіламетраў ад бліжэйшай памежнай заставы.

У сваім тлумачэнні падчас затрымання браты заявілі, што выпадкова трапілі на тэрыторыю Украіны, бо «яны хадзілі ў лес для збору грыбоў у раён населенага пункта Аляксандраўка» (знаходзіцца ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці. — РС).

Суддзя крытычна паставіўся да гэтага тлумачэння, бо Аляксандраўка знаходзіцца ў іншы бок ад месца, дзе братоў знайшлі ўкраінскія памежнікі. У выніку іх прымусова выдварылі, паставілі забарону на пяць гадоў наведваць Украіну і ў іх адсутнасць асудзілі на максімальны штраф, прадугледжаны Кодэксам Украіны аб адміністрацыйных правапарушэннях, — па 13600 грыўняў кожнаму (прыблізна 340 даляраў у эквіваленце). Дадаткова беларусы павінны заплаціць яшчэ 605 грыўняў судовага збору.

У дакуменце не ўдакладняецца месца жыхарства беларусаў. Вядома, што адзін з іх атрымліваў пашпарт у Мазырскім раёне, а другі — у Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці.

Пасля расійскага ваеннага ўварвання з беларускай тэрыторыі ў лютым 2022 года Украіна закрыла ўсе пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Цяпер на беларуска-ўкраінскай мяжы працуе толькі адзін пункт пропуску «Макраны — Даманава», які выконвае функцыі гуманітарнага калідора — праз яго могуць прайсці пешшу толькі грамадзяне Украіны, якія вяртаюцца з расійскай акупацыі.

З Украіны збіраюцца выслаць 31-гадовага беларуса

Беларуса дэпартуюць з Украіны — улады заявілі, што ён знаходзіўся ў краіне незаконна

«Сказалі, да канца вайны нават не спрабаваць уехаць». Трэнерку беларускіх фігурыстаў не пусцілі ў Расію

Nashaniva.com