Каралеве Лізавеце II не расказвалі пра савецкага шпіёна ў яе палацы — рассакрэчаныя дакументы MI5
Каралева Вялікабрытаніі Лізавета II даведалася праўду толькі праз дзесяцігоддзе пасля выкрыцця падвойнага жыцця яе даўняга дарадцы па мастацтве. Па словах службоўцаў каралеўскага палаца, яны не жадалі дадаваць ёй турбот.
14.01.2025 / 20:28
Каралева Елізавета II і Энтані Блант. Фота: PA Images via Getty Images
Як піша Associated Press, шэраг каштоўных дакументаў службы контрразведкі Вялікабрытаніі МІ5, якія днямі рассакрэціў Нацыянальны архіў Вялікабрытаніі і зрабіў даступнымі для карыстальнікаў, праліваюць новае святло на шпіёнскую сетку, звязаную з Кембрыджскім універсітэтам у 1930-х гадах, удзельнікі якой перадавалі сакрэтную інфармацыю Савецкаму Саюзу.
Адным з такіх шпіёнаў быў Энтані Блант, які працаваў у Букінгемскім палацы захавальнікам карціннай галерэі каралевы (1945—1973). Яго доўга падазравалі ў працы на саветаў, а ў 1964 годзе ён прызнаўся, што, будучы старшым афіцэрам MI5 падчас Другой сусветнай вайны, перадаваў сакрэтную інфармацыю КДБ.
У адным з апублікаваных дакументаў супрацоўнік MI5 адзначае, што Блант сказаў, што ад прызнання ў яго «нібы камень з плячэй зваліўся». У абмен на супрацоўніцтва Бланту было дазволена захаваць сваю працу, рыцарскае званне і становішча ў грамадстве. Пры гэтым каралеве пра яго нічога не паведамлялі.
У 1972 годзе асабісты сакратар каралевы Марцін Чартэрыс (Martin Charteris) паведаміў кіраўніку Mi5 Майклу Хэнлі, што «каралева не ў курсе, і ён не бачыць сэнсу паведамляць ёй пра гэта цяпер: гэта толькі дадасць ёй хваляванняў, а змяніць ужо нічога немагчыма».
Шпіёнская дзейнасць захавальніка карціннай галерэі заставалася таямніцай для каралевы да 1973 года, калі яе нарэшце паінфармавалі, баючыся раскрыцця гэтай інфармацыі прэсай пасля яго магчымай смерці (на той момант Блант быў цяжка хворы).
Чартэрыс піша, што Елізавета II «ўспрыняла ўсё гэта вельмі спакойна і без здзіўлення» і «прыгадала, што яго падазравалі» яшчэ ў пачатку 1950-х гадоў.
Гісторык Крыстафер Эндру (Christopher Andrew) у афіцыйнай гісторыі МІ5 заўважае, што каралеве раней расказвалі пра Бланта ў «агульных рысах».
Энтані Блант быў публічна выкрыты як шпіён прэм'ер-міністаркай Маргарэт Тэтчэр у Палаце грамад у лістападзе 1979 года. Ён быў пазбаўлены рыцарскага звання, але так і не быў прыцягнуты да адказнасці і памёр у 1983 годзе ў 75 гадоў.
Папка з дакументамі, якія тычацца Энтані Бланта. Фото: James Manning / PA Images via Getty Images
Блант быў часткай шпіёнскай сеткі, вядомай як «Кембрыджская пяцёрка», удзельнікі якой перадавалі сакрэты Савецкаму Саюзу пачынаючы з 1930-х гадоў. Сярод іншых яе членаў былі Дональд Маклейн, Гай Бёрджэс і Кім Філбі. Маклейн і Бёрджэс збеглі ў Савецкі Саюз у 1951 годзе.
Філбі працаваў у службе замежнай разведкі MI6 нават пасля таго, як трапіў пад падазрэнне. У 1963 годзе яго выкрылі, але ён здолеў уцячы ў Маскву, дзе пражыў да сваёй смерці ў 1988 годзе.
Новыя апублікаваныя дакументы ўключаюць тэкст прызнання Кіма Філбі і стэнаграму яго гутаркі з калегам па MI6 Нікаласам Эліётам, якая адбылася ў студзені 1963 года ў Бейруце.
Філбі прызнаўся ў тым, што выдаў Канстанціна Волкава, афіцэра КДБ, які спрабаваў збегчы на Захад у 1945 годзе разам з данымі пра расійскіх шпіёнаў унутры брытанскай разведкі, уключаючы самога Філбі. Волкава выкралі ў Стамбуле, адправілі ў Маскву і пакаралі смерцю.
Па словах Эліёта, Філбі прызнаўся: калі б яму давялося пражыць жыццё зноў, ён, хутчэй за ўсё, зрабіў бы ўсё гэтак жа сама.
«Я сапраўды адчуваў велізарную лаяльнасць да MI6. Да мяне там ставіліся вельмі добра, і я знайшоў там цудоўных сяброў», — цытуе АР радкі з рассакрэчанага прызнання Філбі. Разам з гэтым шпіён заўважыў, што для яго «галоўным натхненнем быў іншы бок», маючы на ўвазе Савецкі Саюз.
Як піша АР, сакрэтныя дакументы брытанскіх разведслужбаў звычайна застаюцца закрытымі на працягу дзесяцігоддзяў, але паступова агенцтвы рухаюцца ў бок большай адкрытасці. Некаторыя з нядаўна рассакрэчаных дакументаў будуць прадстаўленыя на выставе «MI5: Афіцыйныя сакрэты», якая адкрыецца ў Нацыянальным архіве Лондана ў канцы гэтага года.
Праўленню Лізаветы ІІ 70 гадоў. Вось якім быў яе шлях ФОТЫ
Кіраўнік МІ-5: Расія хоча зладзіць хаос на вуліцах Брытаніі
Кіраўнікі разведкі краін Захаду ўстрывожаныя «дзікімі паводзінамі» расійскіх спецслужбаў