Гэтая дзяўчына выйшла ў цэнтры Гродна з плакатам «Не вайне». Яна расказала, што перажыла пасля
Ксенія Каменка не змагла маўчаць, як бы страшна ёй ні было. Як склалася жыццё дзяўчыны пасля смелага пратэсту?
15.01.2025 / 08:00
Ксенія Каменка. Фота: архіў суразмоўцы
Для Ксеніі распачалі збор на «Байсоле» — дзяўчыне трэба дапамога, каб аплаціць неабходнае медычнае абследаванне. Паўдзельнічаць у зборы можна тут.
«Напісала на лістку А4 словы «Не вайне ва Украіне», паклала яго ў заплечнік і пайшла на ўчастак»
Летам 2020-га Ксенія Каменка, студэнтка Гродзенскага дзяржуніверсітэта, прыехала ў Мінск на канікулы. Дзяўчына родам са сталіцы, але на той час вучылася ў Гродне на тамтэйшым гістфаку.
Калі праз некалькі дзён пасля выбараў сталіцу ахуталі ланцужкі салідарнасці, Ксенія далучылася да іх на Каменнай Горцы. А праз пару дзён пачала валанцёрыць у Бальніцы хуткай дапамогі, дзе прымалі параненых ад гвалту сілавікоў:
«Правяла там тры дні, нават не ездзіла дадому. Мы хадзілі па палатах, разносілі рэчы для людзей, якія прыязджалі з Акрэсціна, бо ў іх з сабой нічога не было. Пыталіся ў людзей, ці ім нешта трэба. Некаторым трэба было дапамагчы выйсці, бо яны былі вельмі збітыя.
Неяк мы рабілі вечаровы абыход, і пацыенты папрасілі мяне прачытаць верш — нехта разрэкламаваў, што я гэта ўмею. Ужо не памятаю, што ім прачытала — ці то нешта з «Новай зямлі», ці то нешта купалаўскае. Але яны ўважліва слухалі, і гэта было да дрыжыкаў».
Масавыя пратэсты сышлі ў мінулае, і Ксенія вярнулася да вучобы. Калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, яна вучылася на трэцім курсе. Дзяўчына ўспамінае, што тыя падзеі яе вельмі ўзрушылі — паўплывала і любоў да самой Украіны, і тое, што на той час у яе там жыло шмат сяброў.
Фота: архіў суразмоўцы
Яе здзіўляла, што не ўсе беларусы шакаваныя вайной — праз гэта яна нават канфліктавала з бацькамі.
Пачуцці накопліваліся, і Ксенія вырашыла выйсці на пратэст. Успамінае ілюзорнае адчуванне, што яе не затрымаюць, і шмат перажыванняў:
«Разумела, што там мае сябры, там краіна, якую я люблю і дзе прайшла нейкая частка майго жыцця, бо мы туды часта ездзілі, для мяне гэта ў нейкім сэнсе другі дом. Там людзі, якія для мяне важныя, але яны цяпер пад кулямі і снарадамі. Не магу проста глядзець на ўсё гэта і казаць «трымайцеся», я павінна нешта зрабіць.
Гэта быў дзень рэферэндуму па зменах у Канстытуцыю. Перад тым, як галасаваць, я напісала на аркушы А4 словы «Не вайне ва Украіне», паклала яго ў заплечнік і пайшла на ўчастак. Да канца не ведала, што выйду на пікет. Выйшла з участка і атрымала паведамленне ад сяброўкі з Кіева — маўляў, зноў нехта загінуў. Гэта было для мяне кропкай».
Дзяўчына паехала ў цэнтр Гродна. Яна спынілася на сходах ля Палаца тэкстыльшчыкаў, што на Савецкай плошчы, і разгарнула самаробны плакат з заплечніка. Міма ішлі людзі — некаторыя проста праходзілі міма, а некаторыя жэстамі дэманстравалі падтрымку Ксеніі.
Праз некалькі хвілін Ксенія пабачыла патрульных, якія стаялі недалёка ад яе і камусьці званілі. Тады яшчэ можна было збегчы, разважае дзяўчына, але яна засталася на плошчы. Патрульныя тым часам падышлі да яе і папрасілі дзяўчыну прайсці з імі — маўляў, «раптам вы задумалі нейкі тэракт». А таксама прыгразілі прымяненнем сілы, калі не пагодзіцца.
«За два месяцы, што заставалася ў Беларусі пасля затрымання, я вельмі схуднела»
Ксенію завезлі ў мясцовы РАУС. Яна ўспамінае дзіўныя ў яе разуменні пытанні, якія пачула там ад сілавікоў: маўляў, што ж вам не сядзіцца дома, чаму вы выйшлі? У сценах РАУС Ксенія сустрэла шмат іншых затрыманых у той дзень, і большасць з іх проста стаялі ля ўчасткаў для галасавання ці праходзілі міма.
Фота: архіў суразмоўцы
Там дзяўчына перажыла два допыты. Асабліва складаным аказаўся другі:
«Мяне заводзяць у кабінет, а там сядзяць два губазікаўцы. Сяджу і разумею, што мне вельмі дрэнна, у мяне кружыцца галава — вельмі перахвалявалася, нічога не ела і не піла з ранку, а было ўжо 16-17 гадзін. Разумела, што зараз страчу прытомнасць: яны пасмяяліся з мяне, але пагадзіліся даць мне вады.
Потым пачалі пытацца пра чат-бот плана «Перамога». Прыкідвалася дурнічкай, каб зразумець, што яны ведаюць. Пачалі казаць, што знайшлі ў мяне той чат-бот, што ў маіх архівах захаваныя пасты з «Нехты» і «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. Сказала ім, што не паспела скончыць рэгістрацыю ў тым чат-боце».
Ксенія адзначае, што падчас аднаго з допытаў ёй далі ў рукі яе тэлефон, каб дзяўчына ўвяла пароль, і яна паспела выдаліць тэлеграм. Але гэта не дапамагло, бо ў тэлеграме яна не мела двухфактарнай аўтэнтыфікацыі.
Пад пагрозамі фізічнага гвалту дзяўчына напісала «прызнанне», што зарэгістравалася ў плане «Перамога». На тры дні яна трапіла ў гродзенскі СІЗА — у ІЧУ было столькі затрыманых, што для яе не хапіла месца. А потым дзяўчыне далі штраф у 50 базавых, і на наступны дзень па яе прыйшоў ГУБАЗіК:
«Спачатку яны прыйшлі ў студэнцкі інтэрнат, але мяне там не было. Зладзілі вобшук, забралі мой ноўтбук. Я ж адказная дзяўчына, і на наступны дзень пасля вызвалення пайшла на заняткі. Мяне паклікалі ў дэканат, каб напісала тлумачальную за пропускі заняткаў, і потым я пайшла пагутарыць да дэкана.
Толькі пачалі гутарыць, як адчыніліся дзверы ў кабінет і туды зайшлі два грамілы з пасведчаннямі. Сказалі, што забіраюць мяне».
Дзяўчыну адвезлі ў мясцовае аддзяленне ГУБАЗіКу, дзе запісалі з ёй прымусовае відэа. Наступным пунктам быў Следчы камітэт, дзе ёй паказалі крыміналку па артыкуле 361-1 — удзел у экстрэмісцкім фармаванні. Паабяцалі «ад 4 да 7 гадоў» — дзяўчына ўспамінае, што яе пачало трэсці. Але на той час Ксеніі далі статус сведкі і выпусцілі на волю.
На ўніверсітэцкім савеце прафілактыкі адчыталі дзяўчыну: казалі, што яна не мае рацыю ў стаўленні да вайны, згадалі Ціханоўскую і сумнавядомы наратыў пра «дзе вы былі восем гадоў вайны». Сем членаў савета прагаласавалі супраць яе адлічэння, але восем — за адлічэнне. І тады Ксенія пачала афармляць польскую візу, каб з’ехаць з краіны.
4 красавіка 2022 года да бацькоў дзяўчыны прыйшлі з КДБ. Ксенія дачакалася візу і праз месяц з’ехала ў Польшчу:
«Гэтае чаканне было вельмі нервовае. У Гродне пасля турмы і Следчага камітэту ў мяне была моцная паніка, я не магла заставацца адна ў пакоі. Распачыналася нешта падобнае да панічнай атакі.
Вокны майго пакоя выходзілі на паркоўку ля інтэрната, і калі я бачыла там машыну без апазнавальных знакаў ці чорнага колеру, было адчуванне, што гэта прыехалі па мяне. Было вельмі страшна. За гэтыя два месяцы, што я заставалася ў Беларусі пасля затрымання, я вельмі схуднела».
«Да самага канца верыла: змагу асабіста сказаць тату, што люблю яго»
У эміграцыі, аднак, выклікі для Ксеніі не скончыліся. У пачатку 2023-га памёр яе хросны бацька, які быў для дзяўчыны важным чалавекам, а пазней памёр і яе родны тата. Ксенія не мела магчымасці з імі развітацца асабіста.
Дзяўчына ўспамінае, што паўгода не магла ўсвядоміць — хроснага таты ўжо няма. Часам яна брала яго фота і размаўляла з ім, пісала ў чат з яго ўжо неактыўным акаўнтам.
Фота: архіў суразмоўцы
Пасля смерці роднага таты было таксама складана:
«З ім мы развіталіся на цяжкай ноце, хаця і камунікавалі пасля майго ад’езду. Наша апошняя размова адбылася больш чым за паўгода да яго смерці і была вельмі складаная. Потым вырашыла, што не магу больш слухаць тое, што ён казаў — просьбы вяртацца, бо, маўляў, нікога не затрымліваюць і ўсё будзе добра. Казаў, што калі людзей затрымліваюць проста на мяжы, то яны ў нечым вінаватыя. «Значыць, і я таксама парушыла закон?» Ён сказаў, што так.
Цяпер я гляджу на гэта трошкі інакш — магчыма, можна было проста не гаварыць на тыя тэмы. Але ўсё ж ён пачынаў тыя гутаркі. Калі даведалася, што ён у бальніцы з сепсісам мозгу, мне было вельмі цяжка. Да самага канца верыла, што ён ачуняе і я змагу яму асабіста сказаць, што люблю яго, што паміж намі толькі палітычныя спрэчкі. Але я не змагла гэта сказаць яму, і ад гэтага мне яшчэ больш складана, вельмі хацелася б з ім зараз пагаварыць».
У 2023-м Ксенію напаткаў яшчэ адзін выклік. Падчас самаагляду яна знайшла ўшчыльненне ў грудзях, зрабіла УГД і пайшла да доктара. Той накіраваў дзяўчыну ў анкадыспансер — было падазрэнне, што ў яе злаякасная пухліна.
«Праз месяц я трапіла да анколага, і гэтае чаканне было вельмі складаным. Па выніках аналізаў усё аказалася добра, і мне толькі сказалі кожныя паўгода наведвацца да доктара, каб кантраляваць утварэнне. Параілі выразаць яго, і цяпер я рыхтуюся да аперацыі, толькі трэба зрабіць шмат аналізаў, якія не ўваходзяць у кошт маёй страхоўкі».
У лістападзе 2024-га Ксенія знайшла працу ў бізнэсе, які займаецца нацяжнымі столямі. Спачатку ўсё было добра, але са снежня працадаўца пачаў затрымліваць заробак — гэта тлумачаць фінансавымі цяжкасцямі ў кампаніі.
Дзяўчына расказвае, што доўга шукала працу, і фірма, з якой узніклі праблемы, была для яе апошняй магчымасцю. Здавалася, усё будзе добра, тым больш што кампанія працуе ўжо некалькі гадоў і яе ўласнікі — беларусы. Але атрымалася не так:
«Ёсць тысяча даляраў, якая павінна прыйсці на тваю картку, з якой ты мусіш заплаціць за пакой і купіць ежу, а яна не прыходзіць. Не ведаеш, што рабіць, гэта вельмі напружвае. Атрымалася пайсці на паўстаўкі менеджаркай у клінінгавую фірму, маю надзею, што ўсё будзе наладжвацца.
Не ведаю, чаму, але 2024-ты аказаўся для мяне вельмі складаным. Мне вельмі цяжка прасіць дапамогу, але зразумела, што сама ўжо не даю рады».
Для Ксеніі адкрылі збор на «Байсоле» — дзяўчыне трэба дапамога, каб выжыць у час затрымкі заробку і аплаціць неабходнае медычнае абследаванне. Паўдзельнічаць у зборы можна тут.
«Вы ж самі разумееце». Горкі маналог беларускага настаўніка