Нацбанк патрабуе ад банкаў спыніць крэдытаванне расіян
«Наша Ніва» паведамляла пра тое што беларускія банкі ўдала спекулююць на дыспарытэце крэдытных ставак з Расіяй, выдаючы крэдыты ў расійскіх рублях расійскім кампаніям пад гарантыю расійскіх банкаў. Выгадная для беларускіх банкаў сітуацыя стварае праблемы ў іншых сектарах эканомікі. Цяпер Нацбанк загадаў банкам спыніць гэтую практыку.
15.01.2025 / 07:00
У Расіі за мінулы год ключавая стаўка вырасла з 16% да 21%. У Беларусі стаўка рэфінансавання застаецца на ўзроўні 9,5%.
Расійскія кампаніі бралі банкаўскія гарантыі ў расійскіх банках і з імі адкрывалі крэдытныя лініі ў беларускіх банках. З улікам камісіі за банкаўскую гарантыю гэта ўсё роўна выходзіла танней, чым браць у Расіі.
Рэкордныя прыбыткі беларускіх банкаў мелі натуральны адваротны бок: зніжэнне прапановы грошай унутры Беларусі, рост памеру ставак у бок сінхранізацыі з расійскімі, адпаведна, павышэнне кошту грошай у сабекошце беларускіх вытворцаў, што ўплывала на рост цэнаў для спажыўца і паніжэнне рэнтабельнасці для вытворцы.
Сума выдадзеных за год крэдытаў нерэзідэнтам не можа быць ацэнена па ўскосных звестках,
мы можам абапірацца толькі на словы банкаўскіх інсайдараў, якія кажуць пра істотныя для беларускай эканомікі лічбы ў сотні мільёнаў даляраў.
І вось на гэтым тыдні Нацбанк разаслаў па беларускіх банках патрабаванне спыніць крэдытаванне нерэзідэнтаў.
Тэхнічна, па словах нашых суразмоўцаў, Нацбанк плануе рэалізаваць свой план так: павысіць працэнт абавязковага рэзерву пры крэдытаванні нерэзідэнтаў, што павінна зрабіць нявыгадным такое крэдытаванне.
Шэраг камерцыйных банкаў, па словах нашых суразмоўцаў, ужо спынілі крэдытаванне нерэзідэнтаў.