Ці мерзнуць у мышэй хвасты?

Дзікія мышы, такія як мышы лясныя і палявыя, зімой вымушаныя шукаць ежу нават у маразы. Але іх тонкія хвасты, якія амаль не пакрытыя поўсцю, пры гэтым не абмярзаюць. Як такое магчыма? Тлумачыць тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».

14.01.2025 / 20:16

Палявая мыш. Фота: Віталь Некрашэвіч

Польскія навукоўцы даследавалі гэты феномен у натуральных умовах. Яны ўсталявалі эксперыментальныя боксы з камерамі і тэрмометрамі, а каб прывабіць у гэтыя пасткі-лабараторыі мышэй, выкарыстоўвалі… арэхава-шакаладны крэм.

Выявілася, што тэмпература хвастоў мышэй у марозныя дні можа апускацца да -5°C, не выклікаючы пашкоджання тканак. Калі тэмпература робіцца крытычнай, мышы інстынктыўна абкручваюць хвасты вакол цела, каб абагрэць іх.

Такі механізм адаптацыі дазваляе грызунам эканоміць энергію. Пры ўмераным холадзе яны не марнуюць рэсурсы на награванне хваста, паколькі страты цяпла на гэтым участку мінімальныя.

Гэтыя назіранні — першы зафіксаваны выпадак, калі ў сысуноў, якія не гібернуюць, тэмпература перыферыйных частак цела апускаецца ніжэй за нуль. Гэта яшчэ адзін доказ геніяльнасці прыродных механізмаў выжывання.

Беларуска падабрала на вуліцы ваверчаня. Як выявілася, дарма

Самалёт, які ляцеў з Осла ў Малагу, вымушана сеў у Даніі з-за мышы

У пад'ездзе віцебскай шматпавярхоўкі на людзей кідаюцца пацукі

Nashaniva.com