ЗША ўвялі абмежаванні на пастаўкі тэхналогій ШІ-чыпаў. Беларусь пад забаронай цалкам
Адміністрацыя Джо Байдэна аб'явіла пра ўвядзенне абмежаванняў на пастаўкі ШІ-чыпаў у большасць краін свету. Іх пастаўкі прыкладна ў два дзясяткі краін свету будуць увогуле цалкам забароненыя, гаворыцца ў паведамленні Белага дома.
14.01.2025 / 21:26
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
Без абмежаванняў высокапрадукцыйныя чыпы змогуць пастаўляцца толькі амерыканскім кампаніям і фірмам з 18 краін, якія з'яўляюцца саюзнікамі ЗША, уключаючы Германію, Нідэрланды, Японію, Паўднёвую Карэю і інш.
У большасць іншых дзяржаў пры экспарце будуць дзейнічаць абмежаванні на агульную вылічальную магутнасць. А для прыкладна 20 краін і тэрыторый пастаўкі ШІ-чыпаў забароняць цалкам, у тым ліку для Кітая, Расіі і Беларусі.
Новаўвядзенні ўступяць у сілу праз год. Пры гэтым на працягу 120 дзён у гульцоў рынка ёсць магчымасць падаць прапановы па змене гэтых правілаў.
У кампаніях Nvidia і Oracle ужо раскрытыкавалі новыя правілы, бо яны, на іх думку, падштурхнуць кліентаў да таго, каб карыстацца прадукцыяй кітайскіх кампаній, у тым ліку Huawei.
У 2023 годзе пастаўкі ў Беларусь чыпаў і іншай электронікі падвойнага прызначэння ужо забараніў Еўрасаюз.
10 сэптыльёнаў гадоў за 5 хвілін. Створаны наймацнейшы квантавы чып у свеце
Кітай не шкадуе ніякіх грошай, каб перакупіць тэхналагічныя таленты