Тэатр Веры Паляковай паставіў пераасэнсаваную гісторыю Рагнеды. Цяпер ва ўсім вінаваты Рагвалод

У сацсетках людзі абураюцца такой інтэрпрэтацыяй вядомай легенды.

15.01.2025 / 13:41

Рагнеда і Уладзімір у спектаклі «Палачанка». Фота тут і далей: «Мінск-Навіны»

Спектакль «Палачанка» ў Тэатры юнага гледача пастаўлены паводле матываў трагедыі беларускага драматурга і сцэнарыста Аляксея Дударава. 

У п’есе Дударава Уладзімір паказаны як рамантычны герой, які да вар’яцтва закахаўся ў Рагнеду падчас іх першай сустрэчы, і тая адказвае яму ўзаемнасцю. Але іхнаму каханню супрацівіцца Рагвалод і падманам спрабуе перашкодзіць. Паводле сюжэту, калі да Рагвалода прыбывае світа Уладзіміра, каб прасіць рукі ягонай дачкі для свайго князя, словы

«Па старадаўнім звычаі
я мушу
Перад шлюбным ложкам мужа разуваць…
Ды як мне разуваць рабыні сына?»

па загадзе Рагвалода вымаўляе не сама Рагнеда, а пераапранутая ў яе служанка.

Такі зневажальны адказ, паводле п'есы, і справакаваў гнеў Уладзіміра: адхілены і абражаны, ён ператвараецца ў лютага і няшчаднага мсціўца, які жорстка распраўляецца з сям’ёй Рагвалода і самой Рагнедаю.

У ролі Рагвалода акцёр Андрэй Каламіец

П’еса ўпершыню была паказана на сцэне ў 2000 годзе, рэжысёрам-пастаноўшчыкам тады выступіў Андрэй Андросік. Прэм’ера, якая адбылася ў ТЮГ 5 лістапада 2024 года, прысвечаная менавіта ягонай памяці і памяці Аляксея Дударава.

Як адзначаецца, у новай пастаноўцы рэжысёр Таццяна Самбук скараціла арыгінал і на першы план вывела гісторыю сустрэчы Уладзіміра і Рагнеды, калі яны закахаліся.

«У асаблівую, святочную ноч выпадкова сустракаюцца і захапляюцца адно адным наўгародскі князь Уладзімір і полацкая прыгажуня — князёўна Рагнеда. Яны яшчэ нічога не ведаюць адно пра аднаго, але кахаюць без памяці», — гаворыцца ў афішы да новай пастаноўкі.

А на старонцы ТЮГа ў Instagram пазначана: «Легенда пра каханне Рагнеды і Уладзіміра — тое, што ведае кожны са школьнай лавы, і тое, што выклікае невыносны боль за лёсы многіх беларусаў таго часу».

І тут узнікае дысананс: са школы мы акурат-такі ведаем гэтую легенду як гісторыю гвалту і забойства, якое жанчына так і не даравала. Напрыканцы 977 года Уладзімір сватаўся да Рагнеды, але яна ўжо была заручаная з Яраполкам. Калі ў Полацк прыехалі сваты Уладзіміра, Рагвалод запытаў дачку, ці хоча яна замуж за Уладзіміра, а Рагнеда адмовіла: «Не хачу разуваць рабынінага сына, але Яраполка хачу» (маці Уладзіміра была палоннай і ключніцай княгіні Вольгі).

Цікава, як раздзяліліся меркаванні наконт спектакля ў гледачоў. Хтосьці выказвае ў сацсетках словы захаплення: «Новае прачытанне ніколькі не сапсавала шэдэўр, але надало свежае дыханне і яркія вобразы цудоўнаму спектаклю. Дзякую за запрашэнне Веры Паляковай і ўсяму калектыву тэатра за цудоўны вечар і жыццё на сцэне».

Але многіх здзівіла сама інтэрпрэтацыя сюжэту. «А калі гэта слова «гвалт» стала сінонімам да слова «каханне»?» — пішуць.

Некаторых абурылі фармулёўкі афішы спектакля, а таксама зробленыя акцэнты. Напрыклад, вельмі вялікая ступень рамантызацыі гэтай гісторыі і самога вобраза Уладзіміра, што гучыць як апраўданне ягоных зверстваў. Пры гэтым падкрэсліваецца віна Рагвалода. «Нібыта Уладзімір і не дрэнны, а проста пакрыўджаны персанаж. Акцэнт на каханні? Якім, прыдуманым?» — адзін з водгукаў у сацсетках.

П'еса Дударава — мастацкі твор, які мае права на вымысел. Але чаму тэатр, дзе дырэктаркай цяпер Вера Палякова-Макей, абраў для пастаноўкі цяпер менавіта гэту інтэрпрэтацыю сюжэта? Пра тое, што гвалт можа быць апраўданым?

Ідэалізацыя вобраза Уладзіміра выгадная ў ідэалагічным плане на фоне спробаў уніфікаваць гісторыю Беларусі і Расіі. Для расіян князь Уладзімір — герой, святы, хрысціцель Русі. Для беларусаў гэта неадназначны персанаж.

Спектакль ідзе на беларускай мове. Квіткоў на найбліжэйшы паказ 16 студзеня ўжо няма, а на 21-га засталося ўсяго некалькі.

Nashaniva.com