Арына Сабаленка абвясціла пра хуткае завяршэнне кар'еры і стварэнне сям’і

«Я спадзяюся, што ў мяне будзе сям’я», — сказала першая ракетка свету, якая сустракаецца з бразільскім прадпрымальнікам грэцкага паходжання Георгіясам Франгулісам.

15.01.2025 / 10:53

Арына Сабаленка. Фота: Vincent Thian / AP

Арына Сабаленка абвясціла пра хуткае завяршэнне кар'еры і стварэнне сям’і, піша «Спорт Беларусі».

«Мне трэба берагчы сцёгны і спіну. Мне 26 гадоў, у гэтым годзе будзе 27. Я гуляла паказальны матч з Мірай Андрэевай — я старэйшая за яе на дзевяць гадоў. На дзевяць!» — сказала яна ў Мельбурне, дзе бярэ ўдзел у Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе.

«Як прафесійная спартсменка, я падыходжу да завяршэння кар'еры. Вы можаце ў гэта паверыць? Людзі выходзяць на пенсію ў 30 гадоў. Я не ведаю, гэта складанае пытанне. Я спадзяюся, што ў мяне будзе сям’я», — дадала яна.

Сабаленка заявіла, што любіць дзяцей, але не хоча заводзіць першае дзіця ў 35 гадоў.

«Вельмі хачу завесці дзіця, а потым вярнуцца. Я хачу, каб маё дзіця бачыла, як цяжка даводзіцца працаваць у жыцці, каб чагосьці дасягнуць. Так што так, я не ведаю. Гэта вельмі сур’ёзна», — распавяла першая ракетка свету.

Арына Сабаленка зараз бярэ ўдзел у Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе (Australian Open), які выйгравала два разы запар. 

Сёння беларуска прайшла ў трэці раўнд, абыграўшы іспанку Хесіку Бузас Манейра — 6,3, 7:5.

Nashaniva.com