У Расіі выказалі меркаванне, чаму рэгулярна гараць беларускія аўтобусы

Пра гэта кіраўнік камітэта па транспарце Пецярбурга Валянцін Енакаеў выказаўся ў інтэрв'ю тамтэйшаму выданню «Фантанка».

15.01.2025 / 11:53

Адзін са згарэлых у снежні 2024 года аўтобусаў у Пецярбургу

«Я растлумачу прычыны ўзгарання. Базавыя дзве: кароткае замыканне і гідрапрывад радыятара. У чым логіка? Ёсць кампаноўка аўтобуса, яна не змянялася шмат гадоў. Ёсць генератар з пэўным аб'ёмам выпрацоўкі электраэнергіі. І ёсць энергаспажыўцы, колькасць якіх за апошнія гады вырасла: медыяэкраны, відэакамеры, аплатныя тэрміналы, навігацыя, кандыцыянеры. Той жа самы генератар усіх забяспечыць не можа, ідзе барацьба за яго, як у касмічнай станцыі, барацьба за эканомію.

Змена кампаноўкі — складаны працяглы працэс. Па сутнасці, гэта канструяванне і выпрабаванне новага аўтобуса, за 2 секунды такое не зрабіць», — сказаў чыноўнік.

Ён таксама звярнуў увагу, што нягледзячы на частыя загаранні не было ніводнага пацярпелага.

«Значыць, праца кіроўцы ў выпадку паломкі арганізавана правільна, ён выводзіць людзей, не думае пра машыну», — сказаў Валянцін Енакаеў.

Nashaniva.com