Пастаўкі расійскага газу ў Прыднястроўе адновяцца ў хуткім часе. У якасці гуманітарнай дапамогі

Газазабеспячэнне для патрэб жыхароў Прыднястроўя, якое спынілася з 1 студзеня, будзе адноўлена ў фармаце гуманітарна-тэхнічнай дапамогі.

15.01.2025 / 12:49

Вадзім Краснесельскі. Фота: прэс-служба прэзідэнта ПМР

Прэзідэнт непрызнанай Прыднястроўска-Малдоўскай Рэспублікі Вадзім Краснасельскі сустрэўся з журналістамі. Ён паведаміў, што наведаў з працоўным візітам расійскую сталіцу, пішуць Навіны Прыднястроўя.

Вадзім Краснасельскі расказаў, што ініцыятыва была прыднястроўска-расійскай, а перамовы праходзілі на ўзроўні Міністэрства энергетыкі РФ. Вырашалася пытанне аднаўлення падачы газу на тэрыторыю Прыднястроўя.

Дэталізацыі тэхнічных аспектаў пакуль няма, але ён адзначыў, што газазабеспячэнне для патрэб жыхароў Прыднястроўя і функцыянавання эканомікі будзе адноўлена ў фармаце гуманітарна-тэхнічнай дапамогі.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Краснасельскі запэўніў, што ўсе сістэмы гатовыя да аднаўлення газазабеспячэння. На пытанне пра магчымы перагляд тарыфаў на электраэнергію, спажываную ў вялікіх аб'ёмах у перыяд энергакрызісу, ён адзначыў, што ўраду даручана прапрацаваць гэтае пытанне.

Nashaniva.com