Узламалі сайт кампаніі Валерыя Сахашчыка. І выставілі яму ўльтыматум
Хутчэй за ўсё, гэта справа рук беларускіх спецслужбаў.
15.01.2025 / 14:40
Валер Сахашчык. Фота: Офіс Ціханоўскай
Што адбылося?
Сайт польскай кампаніі Валерыя Сахашчыка sahaty.pl перастаў адкрывацца. Замест галоўнай старонкі там цяпер аб'ява пра ўзлом сайта і пра тое, што калі не звязацца са ўзломшчыкам цягам 72 гадзінаў, то будзе цалкам выкладзены архіў унутранай сеткі.
Выглядае так, што ўзламаны не толькі сайт, але і ўся офісная сетка кампаніі. Тэхнічна гэта робіцца або шляхам фішынгавых рассылак, або праз подкуп супрацоўнікаў фірмы.
Галоўная старонка сайта цяпер
Што ў архіве?
У асноўным — рабочыя дакументы фірмы. Мы не адшукалі там нічога сенсацыйнага ці вартага публікацыі.
Аднак ёсць шмат звестак пра некаторых супрацоўнікаў польскай фірмы.
Чаму беларускія спецслужбы могуць быць датычныя?
Хакеры часцяком узломваюць сайты бізнэсаў, каб патрабаваць выкуп, прычым многія ставяць такую дзейнасць на паток. Але выпадак з сайтам Сахашчыка зусім не такі.
Тэкст, выкладзены на сайце, нідзе не гугліцца — то-бок яго пісаў уласнаручна аўтар узлому. Унікальны і e-mail, па якім трэба звязвацца са зламыснікамі.
Яшчэ адзін важны момант: у тэксце прапануецца, каб Сахашчык паведаміў зламыснікам нейкі ўнікальны атрыманы ідэнтыфікатар свайго сайта — але гэты ідэнтыфікатар яму не пакінулі.
Атрымліваецца, што зламыснікі і не чакаюць, што з імі нехта выйдзе на сувязь і прапануе грошы, ім важна дыскрэдытаваць Сахашчыка.
Адметна таксама, што адразу пасля ўзлому сайта пустыя тэлеграм-акаўнты пачалі пісаць у рэдакцыю «Нашай Нівы» пра сітуацыю і прапаноўваць асвятліць тэму.
На момант напісання навіны Валер Сахашчык быў недаступны для каментара.
У Бабруйску хакер заблакаваў бухгалтэрыю дзяржарганізацыі і запатрабаваў выкуп