«Усе экстрэмісты ці ўжо асуджаныя, ці з'яўляюцца фігурантамі спраў, якія будуць разгледжаны судамі». Швед падводзіць рысу пад рэпрэсіямі?
Генеральны пракурор Андрэй Швед на сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі БДУІР зрабіў неадназначную заяву.
15.01.2025 / 14:20
Андрэй Швед. Фота: sb.by
«Андрэй Швед падкрэсліў, што на сёння ўсе, хто мае дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, альбо ўжо асуджаныя, альбо з'яўляюцца фігурантамі крымінальных спраў, якія будуць разгледжаныя судамі», — цытуецца яго выступ у тэлеграм-канале Генеральнай пракуратуры.
Калі чытаць яго словы літаральна, то атрымліваецца, што па стане на 15 студзеня 2025 года ўлады ўжо завялі палітычныя крымінальныя справы на ўсіх, каго палічылі патрэбным пераследаваць.
Беларусы, якія знаходзяцца за мяжой, могуць і не ведаць, што на іх ужо завялі крымінальную справу, таму для іх вяртацца ў краіну ў любым разе небяспечна.
Аднак калі справа была заведзеная на людзей, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі, то яны дакладна ведаюць пра пераслед — бо да іх ужо «прыходзілі».
Ці значыць гэта, што Швед перад новымі выбарамі падводзіць рысу пад рэпрэсіямі ў адрас «экстрэмістаў» унутры Беларусі? Невядома. Па рэпрэсіўнай практыцы бліжэйшых дзён і тыдняў стане зразумела, ці гэта палітычная заява, ці проста шараговае блытанае выказванне.
Разам з тым генеральны пракурор зноў стаў рэкламаваць сваю «камісію па вяртанні»: «Да нас паступіла ўжо каля 200 заяў. Частка з іх разгледжана, частка ў рабоце».
Фота: БелТА
Генпракурор Швед анансаваў новыя гучныя крымінальныя справы па карупцыі