Больш за месяц працягваюць судзіць лесніка з Поразава — яму пагражае да 12 гадоў за «тысячы каментароў»

Вітольду Шалкевічу 44 гады. Ён родам з мястэчка Поразава Свіслацкага раёна. У мужчыны ёсць жонка і дзве непаўналетнія дачкі, піша «Вясна».

15.01.2025 / 14:12

Вітольда затрымалі ў жніўні 2023 года проста на працы. Спачатку прысудзілі арышт за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля губазікаўцы знялі з ім відэа і перавялі ў СІЗА. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Шалкевіч пакінуў некалькі тысяч каментароў у розных чатах.

Суд над Вітольдам распачаўся 9 снежня ў Гродзенскім абласным судзе.

Яго абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 і ч. 2 арт. 368 КК), «арганізацыі або ўдзеле ў дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК), «абразе суддзі» (арт. 391 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «распальванні варожасці» (ч. 1 і ч. 3 арт. 130 КК).

Справу разглядае суддзя Руслан Гурын.

Nashaniva.com