Пахмельны суп, жэле з жалудоў. Што ў меню зняволенага прэзідэнта Карэі?

Меню ў СІЗА Сеула пазайздросціць любы еўрапейскі рэстаран азіяцкай кухні.

15.01.2025 / 19:54

Cтравы, якія прапануюцца зняволеным турмаў Паўднёвай Карыі. Калаж на падставе здымкаў Wikimedia Commons

Як стала вядома, 15 студзеня нарэшце арыштавалі часова адхіленага ад улады прэзідэнта Паўднёвай Карэі. Карэйскія журналісты ўжо размясцілі ў сацыяльных сетках меню Сеульскага цэнтра зняволення — аналага нашых СІЗА, куды пасля допыту павінны даставіць Юн Сок Ёля.

Меню Сеульскага цэнтра зняволення

Сярод страў ёсць і такія зразумелыя для беларуса, як супы с пельменямі ці курыцай, тушаная скумбрыя. Акрамя гэтага, зняволеным прапануюць яйкі, арэхі, соевае малако, ёгурт і садавіну.

Кімчы. Фота: Wikimedia Commons

У той жа час шмат і спецыфічных страў карэйскай кухні. Так, да кожнага прыёму ежы даюць кімчы — востра прыпраўленую квашаную гародніну. У першую чаргу гэта пекінская капуста, але ў меню пазначана і кімчы з летняй рэдзькі, а таксама суп (кімчы чыне).

Закуска з перылы. Фота: Wikimedia Commons

У меню і такая папулярная паўднёвакарэйская страва, як закуска з перылы — аднагадовай травяністай алеістай расліны. Лісты замочваюць у соевым соусе з дадаткам цукру, часнаку, імберцу і іншых спецый.

Токпокі. Фота: Wikimedia Commons

Таксама зняволеным прапануюць токпокі — рысавыя клёцкі (ток) у вострым соусе. Часам да іх дадаюць рыбу, яйкі ці гародніну. Токпокі — традыцыйная вулічная ежа ў Паўднёвай Карэі.

Тофу. Фота: Wikimedia Commons

Прысутнічаюць і стравы з тофу ці так званага соевага сыру — папулярнага інгрэдыенту ў веганскіх і вегетарыянскіх рэцэптах. Зняволеным прапануецца сушаны тофу і суп з мяккім тофу.

Сундэ. Фота: Wikimedia Commons

Ёсць у меню і традыцыйная карэйская «крывянка» — сундэ. Гэта фаршыраваныя сумессю рысу, вермішэлі, гародніны і часам крыві кішкі свінні ці каровы. Іх смажаць, вараць ці тушаць і падаюць з прыправамі.

Двенчжан чыге. Фота: Wikimedia Commons

Сярод супоў таксама традыцыйны карэйскі двенчжан чыге, які гатуецца на аснове пасты з ферментаваных соевых бабоў (двенчжан). У яго дадаюць розную гародніну, мяса, морапрадукты, тофу.

Пахмельны суп. Фота: Wikimedia Commons

Ёсць таксама і «пахмельны суп», які добра дапамагае аднавіць вадкасць і электраліты ў арганізме і падтрымаць агульны тонус арганізму. Яго склад адрозніваецца ў залежнасці ад рэгіёна. Суп можа змяшчаць кімчы, тофу, мяса, прарослыя соевыя бабы, кітайскую капусту, зялёную цыбулю. Бульён звычайна гатуецца на ялавічынай костцы.

Чачжанмён. Фота: Wikimedia Commons

У меню таксама чачжанмён — пшанічная локшына з густым соусам на аснове чорнай соевай пасты (чачжан).

Тотхарымук. Фота: Wikimedia Commons

Сярод страў звяртае на сябе ўвагу і жэле з жалудоў ці тотхарымук. Яно гатуецца з жалудовай мукі (тотха) і падаецца з морквай, зялёнай цыбуляй, часнаком, соевым соусам, кунжутным алеем і чырвоным перцам.

Тотхарымук быў адным з асноўных прадуктаў харчавання ў галодныя часы Карэйскай вайны (1950—1953). Цяпер жа ён лічыцца «здаровай ежай».

Знаўцы адзначаюць, што ў параўнанні з ранейшымі часамі, калі ежа паўднёвакарэйскіх зняволеных у асноўным складалася з рысу і фасолі, цяпер у меню даволі страў з мяса — ялавічына ў соевым соусе (пульгогі), смажаная свініна з рысам, сасіскі, ёсць і тушаная бульба.

Як бачым, меню дастаткова збалансаванае, і зняволенаму прэзідэнту не давядзецца галадаць.

Прэзідэнта Паўднёвай Карэі арыштавалі — хоць і не з першай спробы

Кава ад Шапэна, або Кававы лайфхак нашых продкаў — гэта трэба пакаштаваць

Лёгкая вячэра: сыр тофу з зелянінай і прыправамі

Антось Жупран