Аўтобусны сэрвіс «Атлас» будзе прадаваць квіткі паводле прынцыпу авіякампаній

У Беларусі для пакупнікоў білетаў на аўтобус і маршрутку запусцілі сістэму дынамічнага цэнаўтварэння. Пілотны праект з'явіўся ў сэрвіса «Атлас». Што гэта значыць для пасажыраў, расказаў выданню Office Life прадстаўнік кампаніі Сяргей Гаўрыцкі.

15.01.2025 / 18:56

Гаворка ідзе пра стратэгію, паводле якой кошт на паслугі або тавары змяняецца ў залежнасці ад попыту. У сферы перавозак пасажыраў першымі такое ўкаранілі, напрыклад, авіякампаніі: чым раней купляеш квіток на рэйс, тым ён таннейшы. А на самыя папулярныя кірункі і непасрэдна перад адпраўленнем кошт, наадварот, істотна ўзрастае.

Як удакладніў Сяргей Гаўрыцкі, у выпадку з аўтобусам дынамічнае цэнаўтварэнне працуе толькі ў адзін бок — квіток можна купіць танней за звычайны кошт.

У якасці пілотнага праекта новаўвядзенне ўжо працуе на маршрутах Мінск — Гродна і Гродна — Мінск пры куплі квіткоў на сайце або ў дадатку «Атлас». Так, звычайны квіток на маршрутку ці вялікі аўтобус каштуе 35 рублёў. Калі ж купляць за тыдзень, то паездка абыйдзецца ад 30 рублёў.

У кампаніі ўдакладняюць, што такі варыянт цікавы тым, каму не прынцыповы час адпраўлення. Умоўна, маршрутка з Гродна на 11:00 можа каштаваць 35 рублёў, рэйс на 10:00, на які попыт быў крыху меншы, абыдзецца ўжо ў 33 рублі, а ў 7:30 і ўвогуле можна паехаць за 30 рублёў.

Як удакладнілі ў «Атласе», для перавозчыка тут таксама ёсць свая выгада: раннія продажы квіткоў, у тым ліку і па выгадных для кліентаў цэнах, — гэта магчымасць больш дакладна прагназаваць загрузку рэйсаў. У будучыні не выключаюць, што дынамічнае цэнаўтварэнне будзе ўключацца і для іншых маршрутаў.

Дарэчы, Беларуская чыгунка з мая 2022 года пачала прымяняць дынамічную сістэму цэнаўтварэння для квіткоў на цягнікі расійскага напрамку.

Дабрацца маршруткай з Гродна ў Віцебск можна будзе без перасадак — гэта адзін з самых доўгіх маршрутаў у краіне

Махляры прапануюць квіткі са зніжкай на маршруткі «Атлас»

Як маршрутны бізнэс прагінаюць пад дзяржаўныя аўтапаркі

Nashaniva.com