«Трэба думаць, як аднавіць працаздольнасць фірмы». Сахашчык пракаментаваў узлом свайго сайта
У тэлеграм-канале, набліжаным да сілавікоў, 15 студзеня з'явілася інфармацыя пра ўзлом сайта польскай будаўнічай кампаніі Sahaty, якая належыць Валерыю Сахашчыку. «Люстэрка» спытала самога Сахашчыка, што ён думае пра гэта, і як дзеянні хакераў адбіліся на працы ягонага прадпрыемства.
15.01.2025 / 19:27
Па словах былога прадстаўніка АПК, узлом сайта кампаніі прывёў да поўнага паралізавання яе дзейнасці. Хакеры атрымалі доступ да інтэрнэт-старонкі фірмы, а таксама да дакументацыі, і заблакавалі яе.
«Гэта адбылося ў перыяд, калі мы закрываем год і вельмі шмат працы з дакументамі, трэба выконваць абавязацельствы перад падатковымі органамі Польшчы, — сцвярджае экс-прадстаўнік АПК. — Пакуль не магу ацаніць маштаб страт. Мне трэба думаць, як аднавіць працаздольнасць фірмы. Вялікіх непрыемнасцяў не будзе, але ў нас не працуюць ні бухгалтарскія праграмы, ні базы даных».
Пры гэтым Сахашчык не перажывае, што зламыснікі апублікуюць адчувальныя або кампраметуючыя яго дакументы.
«Я вяду цалкам легальны бізнэс, працую ў прававым полі, таму не перажываю, што будуць апублікаваныя нейкія дакументы. У іх няма нічога, за што мне трэба баяцца», — упэўнены былы палітык.
У паведамленні пра ўзлом хакеры запатрабавалі ад уладальніка кампаніі звязацца з імі і заплаціць за аднаўленне доступу да сайта. Валерый Сахашчык заявіў «Люстэрку», што мае намер пачаць перамовы са зламыснікамі, каб паскорыць аднаўленне працаздольнасці сваёй кампаніі.
У той жа час ён рашуча абвергнуў закіданую сілавікамі версію, што да ўзлому нібыта датычны Вадзім Кабанчук, які змяніў Сахашчыка ў Аб'яднаным пераходным кабінеце на пасадзе прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы. У Кабанчука, перакананы Сахашчык, ніякіх матываў для гэтага няма.
Узламалі сайт кампаніі Валерыя Сахашчыка. І выставілі яму ўльтыматум
Кабанчук: Я не датычны да справы Верамейчыка і наогул не ведаў, што яго занеслі ў стоп-ліст на ўезд