У Мінску разбіраюць цягнік над «Гарызонтам» — адзін з самых знакавых арт-аб'ектаў горада

У сацсетках стрыт-мастака Андрэя Бусла, заснавальніка мінскага арт-гурта «Хутка Смачна», з'явіліся нярадасныя фота: той самы мурал з цягніком на Куйбышава, добра вядомы мінчанам, дэмантуюць, заўважыў CityDog.io.

16.01.2025 / 08:48

Мурал «Надземная ветка метро» з'явіўся як праца для фестывалю Vulica Brasil у 2019 годзе на галерэі над вуліцай Куйбышава, якая злучае карпусы завода «Гарызонт».

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от potok.media (@potok.media)

У 2023 годзе арт-аб'ектам натхніліся рэкламшчыкі: сіні цягнік паміж двума карпусамі завода замяніў чырвоны, які насамрэч аказаўся банэрам аднаго з анлайн-казіно 

Яго аўтар — стрыт-мастак Андрэй Бусел, заснавальнік мінскага арт-гурта «Хутка Смачна», які ўтварыўся ў 2016 годзе і стаў вядомы сваімі інсталяцыямі на вуліцах Мінска.

Мастакі расстаўлялі на Пуліхава парасоны, упрыгожвалі чаротам масток паміж Лошыцай і Серабранкай, вешалі люстэркі на Інтэрнацыянальнай, «тапілі» надпіс «Design» (або «Resign») — і рабілі яшчэ шмат цікавага.

Практычна ўсе працы стрыт-арцераў былі дэмантаваны супрацоўнікамі мінскіх ЖЭС і іншых адказных інстанцый. 

У пачатку 2025-га ў працэсе дэмантажу ўбачылі і знакаміты цягнік.

— Мне, вядома, шкада, што больш мы яго не ўбачым, — але, з іншага боку, ён і так пражыў даўжэй, чым я разлічваў. Да таго ж можна сказаць, што як арт-праект ён працягваецца ў іншых месцах: напрыклад, у 2021 годзе мы рабілі цягнік у Любліне, у 2024-м — у Тбілісі, а яшчэ я знайшоў вельмі крутое месца ў Берліне — думаю, як там можна было б гэта рэалізаваць. Ну і рана ці позна ў Мінску таксама будзе працяг, — сказаў выданню CityDog.io Андрэй Бусел. 

Адміністрацыя «Гарызонта» сітуацыю не пракаментавала. 

Nashaniva.com