Гродзенцу далі паўтара года хіміі за ўхіленне ад войска: быў у вышуку, але вярнуўся з-за мяжы

Хлопец не з’явіўся па позве ў ваенкамат. Супраць яго завялі крымінальную справу, але прыпынілі, пакуль ён быў у вышуку. У 2024 гродзенец прыехаў у Беларусь — і трапіў пад суд. А восенню 2024 года ў Гродне на прызыў не з’явіліся 26 чалавек, піша Hrodna.life.

16.01.2025 / 09:56

Падчас суда

Малады чалавек быў на ўліку ў ваенкамаце. У 2023 годзе ён атрымаў паведамленні аб праходжанні тэрміновай службы, прайшоў медыцынскае абследаванне і быў прызнаны прыдатным для службы ў войску. Атрымаўшы позву, гродзенец не прыйшоў у ваенкамат і не даслаў ніякіх апраўдальных дакументаў.

Крымінальную справу па ч. 1 арт. 435 (ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу) завялі, але яе давялося прыпыніць, пакуль хлопец быў у вышуку. У 2024 годзе ён «аб'явіўся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» і быў затрыманы.

Справу разглядаў суд Ленінскага раёна на выязным пасяджэнні ў ваенным камісарыяце Гродна і Гродзенскага раёна. На судзе малады чалавек прызнаў віну і раскаяўся, але атрымаў паўтара гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пасля гэтага яму ўсё роўна давядзецца адслужыць у войску.

Nashaniva.com