Мільярдэры, замежныя госці і экс-прэзідэнты: хто будзе прысутнічаць на інаўгурацыі Трампа
У адрозненне ад папярэдняй інаўгурацыі чатыры гады таму, Джо Байдэн будзе прысутнічаць на цырымоніі ўступлення ў пасаду свайго пераемніка, піша «Голас Амерыкі».
16.01.2025 / 13:20
Дональд Трамп. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images
Ілан Маск, самы багаты чалавек у свеце, стане адным з некалькіх мільярдэраў, запрошаных на другую інаўгурацыю прэзідэнта Дональда Трампа, якая адбудзецца ў панядзелак.
Паводле Forbes, кіраўнік Tesla адыграў важную ролю ў перавыбарах Трампа, ахвяраваўшы на яго выбарчую кампанію больш за чвэрць мільярда долараў. Паведамляецца, што Маск узначаліць новы дэпартамент па павышэнні эфектыўнасці працы ўрада, які будзе створаны ў адміністрацыі Трампа. Другім сукіраўніком дэпартамента стане прадпрымальнік у сферы біятэхналогій Вівек Рамасвамі.
На інаўгурацыі таксама будуць прысутнічаць былы кіраўнік Amazon Джефф Безас і кіраўнік Meta Марк Цукерберг.
Замежныя лідары рэдка запрашаюцца на інаўгурацыі амерыканскіх прэзідэнтаў, аднак Трамп зрабіў некалькі выключэнняў.
Паводле Bloomberg, на цырымоніі будзе прысутнічаць прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей, які стаў першым замежным лідарам, які сустрэўся з Трампам пасля яго перамогі на выбарах у лістападзе. Таксама запрашэнне атрымаў старшыня КНР Сі Цзіньпін, які накіруе на цырымонію свайго прадстаўніка. Акрамя таго, правы прэм’ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні была запрошаная, аднак заявіла, што не ўпэўненая, ці зможа прыехаць у Вашынгтон з-за шчыльны працоўны графік.
Традыцыйна на інаўгурацыі прысутнічаюць усе жывыя прэзідэнты ЗША. Джо Байдэн і першая лэдзі Джыл Байдэн прымуць удзел у цырымоніі ў панядзелак, у адрозненне ад сітуацыі чатыры гады таму, калі Трамп адмовіўся прысутнічаць на інаўгурацыі Байдэна пасля сваёй паразы, сцвярджаючы, што менавіта ён перамог на выбарах.
Сярод гасцей інаўгурацыі таксама будуць былыя прэзідэнты Барак Абама, Джордж Буш-малодшы і Біл Клінтан. Буш і Клінтан прыедуць на мерапрыемства разам з жонкамі — Лорай Буш і экс-дзяржсакратаркай Хілары Клінтан.
Аднак былой першай лэдзі Мішэль Абамы на цырымоніі не будзе. Як паведаміла канцылярыя сям’і Абама, гэта ўжо другі значны выпадак за апошнія тыдні, які яна прапусціла: Мішэль Абама не прысутнічала на пахаванні былога прэзідэнта Джымі Картэра, дзе сабраліся астатнія былыя лідары краіны і іх жонкі.
Таксама чакаецца, што віцэ-прэзідэнт Камала Харыс і яе муж Дуглас Эмхоф, будуць прысутнічаць на інаўгурацыі. Нагадаем, Харыс была кандыдаткай ад дэмакратаў на мінулагодніх прэзідэнцкіх выбарах.