«У Малевіча беларусізацыя ніякага адчужэння не выклікала». Гісторык патлумачыў Парфёнаву, чаго той не ведае

«Рускі мадэрн» — гэта не рэчаіснасць, а позні канструкт мастацтвазнаўцаў, які мае абсалютна такое ж права на існаванне, як і «беларускі жывапіс». А агрэсіўны тон выказвання расійскага журналіста вынікае з таго, што на Захадзе нарэшце распачалі дэканструкцыю «рускага мадэрну», кажа Аляксей Ластоўскі.

16.01.2025 / 15:26

Скульптура Восіпа Цадкіна з калекцыі «Белгазпрамбанка». Фота: Наша Ніва

«Паглядзеў выказанні Парфёнава пра Шагала — па стылістыцы па-хамску, абразліва і малаадукавана», — піша гісторык Аляксей Ластоўскі. Ён адказаў расійскаму журналісту шасцю пунктамі.

«1. Калі мы кажам «чый мастак», то вельмі часта блытаюцца ўзроўні этнічнага паходжання, уласнай ідэнтычнасці і створанага канону. І падобныя да Парфёнава журналісты любяць маніпуляваць гэтымі паняткамі.

2. Сцвярджаць, што габрэйскае паходжанне не мела значэння ў творчасці Шагала — гэта проста не ведаць яго біяграфіі і яго творчасці. Тое ж, дарэчы, датычыць і Эля Лісіцкага, якога згадваюць як стваральніка мастацкай школы ў Віцебску, поруч з Шагалам — ён пачынаў сваю творчую кар’еру з экспедыцый па сінагогах, а ў часы сваёй канструктывісцкай славы ў Берліне рабіў ілюстрацыі да выданняў на ідышы (прытым, украінскіх і беларускіх казак).

3. Безумоўна, базавая ідэнтычнасць для Шагала была габрэйская, але, як у кожнага прадстаўніка этнічнай меншасці, яна суадносілася з дзяржаўнай ідэнтычнасцю, прыналежнасцю да краіны, у якой жывеш. Спачатку расійскай, потым французскай. Пры гэтым, дарэчы, Шагал адчуваў і этнічную неаднастайнасць Віцебска, у сваіх успамінах ён піша, што яго бацька быў падобным да беларуса.

4. Але «рускі мадэрн» — гэта не рэчаіснасць, як уяўляецца Парфёнаву, гэта позні канструкт мастацтвазнаўцаў, які мае абсалютна такое ж права на існаванне, як і «беларускі жывапіс». Я думаю, агрэсіўны тон выказвання расійскага журналіста вынікае з таго, што зараз на Захадзе нарэшце пачалі прыступаць да дэканструкцыі «рускага мадэрну», і становіцца зразумелым, наколькі шматстайным і шматэтнічным быў гэты феномен, які шмат у чым фармаваўся менавіта ў памежных рэгіёнах Расійскай Імперыі.

5. Ці можна «беларусізаваць» дзейнасць Віцебскай мастацкай вучэльні? Вядома ж, што на момант яе росквіту, гэта была Савецкая Расія, Віцебск пазней будзе перададзены Савецкай Беларусі. У дадзеным выпадку я хацеў бы даць слова Казіміру Малевічу, які наведваў Мінск па дарозе ў Берлін і быў ашаломлены цёплым прыёмам, ён пісаў у прыватным лісце жонцы, што тут яго вітаюць як беларускага мастака і ён ужо задумваецца, ці не перабрацца ў Савецкую Беларусь. То-бок, у самога Малевіча гэта «беларусізацыя» ніякага адчужэння не выклікала і ён быў нават ёю ўсцешаны.

Больш за тое, калі звярнуцца да творчасці іншых мастакоў габрэйскага паходжання родам з Віцебска, то заўважым, што яны ахвотна бралі ўдзел у беларускіх мастацкіх выставах, то-бок, не выступалі супраць, каб іх вызначалі як «беларускі жывапіс». І мова ідзе не толькі пра Юдаля Пэна, які застаўся жыць у Віцебску, але і пра многіх вучняў Шагала і Малевіча, які з’ехалі ў Маскву ці Ленінград. Гэта Леў Зэвін, Ева Розенгольц, Фрыда Рабкіна, Раіса Ідэльсон.

6. Беларуская культура — гэта канон, які робіцца намі, што мы ўспрымаем як сваё, адкуль бяром свае вытокі. І тут не працуе прынцып этнічнай эксклюзіўнасці, што беларускае — толькі беларускае па этнічнасці. Парфёнаву варта нагадаць, што і ад «расійскага мадэрну» мала што застанецца, калі мы пачнем разбірацца з этнічнасцю яго стваральнікаў.

Беларуская культура будуецца на працах, творчасці і ідэях усіх, хто працаваў і жыў на гэтай зямлі, успрымаў яе як сваю, не зважаючы на мову, якую ён выкарыстоўваў. І творчасць Шагала як і іншых мастакоў габрэйскага паходжання — гэта частка нашай культуры. Калі мы самі так вырашым».

Парфёнаў пра Шагала: «Гэта рускі мадэрн, не існавала ніякага беларускага жывапісу»

Nashaniva.com