Эрык Рамэр раскажа ўсё пра спакусу
З 17 лістапада ў Менску праходзіць рэтраспектыва фільмаў Эрыка Рамэра
25.11.2010 / 11:33
З 17 лістапада пры падтрымцы Амбасады Францыі ў Менску праходзіць рэтраспектыва фільмаў Эрыка Рамэра «Гульні спакусаў». Эрык Рамэр — класік французскага кіно, адзін з заснавальнікаў «новай хвалі». Фільмы Рамэра вылучаюцца далікатнай скандальнасцю і вытанчанымі дыялогамі, якія надаюць стужкам непаўторны кінашарм.
Сярод фільмаў — драма «Мая ноч у Мод» пра героя, які ўначы нечакана трапляе ў госці да будучае нявесты. Меладрама «Кар’ера Сюзанны» расказвае пра заблытаны любоўны шматкутнік Сюзанны, Бертрана, Сафі й Даніэля. Любоўную блытаніну даследуе Рамэр і ў камедыі «Сябар маёй сяброўкі». Дзве дзяўчынкі заводзяць сабе сяброў, але потым пачынаюць блытацца, хто з кім сябруе.
У скандальнай карціне «Калена Клэр» аташэ па культуры млее, каб дакрануцца да калена малазнаёмай дзяўчыны. А ў рэдкай кароткаметражнай стужцы «Шарлота і ейны стэйк» галоўную ролю сыграў мэтр «новае хвалі» Жан-Люк Гадар.
Фільмы дэманструюцца ў кінатэатры «Перамога» і «Цэнтры-відэа» на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі.