Зрынуць дыктатара Клу
«Трон: Спадчына»: працяг кіберфантастыкі праз 28 гадоў.
12.01.2011 / 11:22
ЗША, 2010, каляровы, 3D, 125 хв.
Рэжысёр: Джозэф Касінскі
Ролі выконваюць: Джэф Брыджэс, Гарэт Гэдлунд, Алівія Ўальд, Брус Бокслэйтнэр, Майкл Шын, Джэймс Фрэйн
Жанр: Кіберфантастыка
Адзнака: 4,5 (з 10)
Сэм Флін даследуе таямнічае знікненне свайго бацькі-праграміста — і трапляе ў створаны ім віртуальны свет. У гэтым свеце творца загнаны ў падполле, а ўладу захапіў злобны дыктатар Клу, які з дапамогай паслухмяных праграмаў тэрарызуе кібернасельніцтва. Герой вырашае зрынуць тыранію дый вызваліць бацьку.
Задоўга да «Матрыцаў», у 1982 годзе, з’явіўся першы фільм пра кіберпрыгоды ў віртуальнай прасторы — «Трон».Стужка сталася папулярнай у аматараў дзіўных фільмаў, але масавага поспеху не мела. Амаль праз 30 гадоў карціна атрымала працяг — з удзелам тых самых актораў. Джэф Брыджэс грае пастарэлага праграміста дый уласную копію — дыктатара Клу, значна маладзейшага за сябе.
Гладыятарскія бойкі чырвона-чорных праграмаў, светлавыя матацыклы й самалёты, бліскучыя паверхні, арнаменты — складаюць халаднаватае рэтра-кампутарнае відовішча, упрыгожанае закадравай музыкай і акрабатычнай харэаграфіяй Алівіі Ўальд.
Затое, калі героі адкрываюць рот, то горшых дыялогаў уявіць сабе немагчыма. Але ў Беларусі нават самыя тупыя антыдыктатарскія фразы — як соль на свежыя раны.