Мэт Дэйман змяняе рэальнасць
«Змяняльнікі рэальнасці» — фантастычная меладрама паводле апавядання Філіпа Дзіка
22.03.2011 / 11:15
Змяняльнікі рэальнасці (The Adjustment Bureau)
ЗША, 2011, каляровы, 105 хв.
Рэжысёр: Джордж Нолфі
Ролі выконваюць: Мэт Дэйман, Эмілі Блант, Энтані Мэкі, Джон Слэтэры, Тэрэнс Стэмп
Жанр: Фантастычная меладрама паводле апавядання Філіпа Дзіка «Бюро карэкцыі»
Адзнака: 6 (з 10)
Кангрэсмэн Дэвід Норыс — перспектыўны малады палітык, які ўпэўнены, што кантралюе сваё жыццё. Аднойчы герой знаёміцца з пекнай дзяўчынай, што мяняе ягоныя планы. Але злавесныя персанажы ў аднолькавых капелюшах замінаюць героям сустрэцца. І ці людзі гэтыя істоты, увогуле?
Карціна Джорджа Нолфі — меладрама. А меладрама — жанр, абцяжараны лёсам. У ролі лёсу звычайна выступаюць карабельныя катастрофы, доўгія развітанні ці злыя нягоднікі. У фільме Джорджа Нолфі — гэта анёлы-бюракраты, якія не жадаюць адступаць ад заведзеных планаў. Звычкамі яны нагадваюць іншапланетнікаў з «Цёмнага гораду», каўбоістых агентаў Смітаў на службе ў «Матрыцы» — і вашынгтонскіх гэбістаў.
Такім сур’ёзным ворагам здольны кінуць выклік толькі сапраўдны мужчына (Мэт Дэйман), які гатовы дзеля каханай дзяўчыны на ўсё: спазніцца на інтэрвію, начапіць нямодны капялюш па самыя вушы, тры гады езьдзіць у «ейным» аўтобусе.
Забытае апавяданне Філіпа Дзіка часоў халоднай вайны на сённяшнім кінаэкране выглядае манерна-банальным — але не сумным.