Успаміны пасла: невядомыя мемуары беларускага палітыка

Выйшлі ўспаміны Аляксандра Стагановіча — забытага беларускага пасла ў польскім Сейме.

27.03.2011 / 09:37

Выйшлі ўспаміны Аляксандра Стагановіча — забытага беларускага пасла ў польскім Сейме.

Пра кнігу і аўтара расказвае рэдактар выдання гісторык Алесь Пашкевіч.

«НН»: Чаму гісторыкі да нядаўняга часу мелі зусім мала звестак пра Стагановіча, хаця захаваўся яго архіў?

АП: Імя Аляксандра Стагановіча да нядаўняга часу сапраўды мала што казала, хоць на тэрыторыі міжваеннай Заходняй Беларусі людзі яго добра ведалі. Справа ў тым, што ў канцы 1920-х гадоў ён прадстаўляў беларускае насельніцтва ў польскім Сейме, з’яўляюўся членам радыкальнай фракцыі «Змаганне». А пасол Сейма ў той час сярод беларускіх палітыкаў без перабольшвання быў вялікім чалавекам. Падчас Другой сусветнай вайны Стагановіч актыўна ўдзельнічаў у беларускай грамадска-палітычнай дзейнасці пад нямецкай акупацыяй, пасля чаго мусіў эміграваць.

Алякандр Стагановіч (1890–1988) нарадзіўся ў в. Нясутычы на Наваградчыне. У 1928–1929 быў дэпутатам польскага Сейма, уваходзіў у Беларускі сялянска-работніцкі пасольскі клуб «Змаганне». Пасля Другой сусветнай вайны эміграваў на Захад: спачатку жыў у Германіі, затым у ЗША.

На эміграцыі ён таксама быў прыкметнай фігурай: адзін час займаў пасаду намесніка прэзідэнта Рады БНР.

Але ў Савецкім Саюзе пра такіх людзей асабліва не згадвалі. Таму на радзіме А. Стагановіч і быў у ліку «забытых» дзеячаў.

Калі я пачынаў навуковае даследаванне дзейнасці беларускіх прадстаўнікоў у міжваенным польскім парламенце, то ведаў пра Стагановіча толькі тое, што ён быў дэпутатам Сейма. Пасля я выпадкова даведаўся, што ён жыў у эміграцыі і памёр толькі ў канцы 1988 года. Гэта стала для мяне сапраўдным адкрыццём. І ўжо зусім нечаканай і прыемнай весткай стала прачытанне ў адной з кніг даследчыка беларускай эміграцыі Лявона Юрэвіча, што ў сваякоў Стагановіча захоўваюцца бацькавы ўспаміны. Пазней сп. Юрэвіч падрыхтаваў рукапіс да друку і прапанаваў мне быць навуковым рэдактарам пры публікацыі. Упершыню ўспаміны былі надрукаваны ў 2009 годзе ў «Запісах БІНІМ», а цяпер выйшлі асобнай кніжкай.

«НН»: Ва ўспамінах раскрываюцца невядомыя факты гісторыі Беларусі, ці гэта толькі запісы з прыватнага жыцця?

АП: Успаміны А. Стагановіча камбінаваныя: з аднаго боку ў іх закранаюцца прыватныя бакі жыцця, але ўсё-ткі асноўны змест — грамадска-палітычны. Аўтар імкнуўся апісаць сваё жыццё не проста як чалавека, але перад усім як беларускага дзеяча.

Дзейнасць любой палітычнай партыі ці арганізацыі мае публічныя і непублічныя бакі. Стагановіч, з’яўляючыся членам клуба «Змаганне» і актывістам радыкальных арганізацый на Наваградчыне, ведаў пра іх дзейнасць не толькі тое, што пісалі, напрыклад, у тагачаснай прэсе, але і тое, што агалошванню не падлягала. Шмат такога ён у мемуарах напісаў, і дзеля гэтага яны каштоўныя. Я асабіста пра штосьці ўпершыню даведаўся менавіта з іх, не гаворачы, што нешта з іх дапамогай удалося ўдакладніць ці пацвердзіць ранейшыя здагадкі.

Пры гэтым варта адзначыць, што А. Стагановіч, нягледзячы на дэпутацкі статус, быў рэгіянальным дзеячам. У віленскім цэнтры беларускага руху ён ніколі не працаваў і заўсёды жыў на Наваградчыне. Таму і

асноўную каштоўнасць яго ўспаміны маюць у тых месцах, дзе аўтар піша пра наваградскія рэаліі, якія ён вельмі добра ведаў і пра якія выдатна памятаў.

«НН»: Як Стагановіч трапіў у палітыку?

АП: Як і многіх іншых тагачасных жыхароў заходнбеларускіх вёсак ды мястэчак, Стагановіча выйшаў на паверхню палітычнага жыцця праз дзейнасць у сярэдзіне 1920-х у складзе Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Адным з галоўных апорных пунктаў БСРГ у Заходняй Беларусі быў акурат Наваградскі павет, з якога паходзіў Стагановіч. Менавіта праз дзейнасць у Грамадзе і звязаным з ёй Таварыстве беларускай школы ён і стаў папулярным, каб быць выбраным у дэпутаты Сейма.

Увогуле біяграфія Стагановіча ўтрымлівае шмат цікавых момантаў. Ён не належаў да найбяднейшай часткі беларускага сялянства: быў даволі заможным гаспадаром.

Падчас Першай сусветнай вайны, праходзячы вайсковую службу, быў накіраваны ў складзе расійскага экспедыцыйнага корпуса ў Францыю,

таксама ваяваў на балканскім фронце.

«НН»: Успаміны Стагановіча закранаюць толькі яго парламенцкую дзейнасць?

АП: Гэтаму перыяду прысвечана асноўная частка ўспамінаў, але ў іх таксама знайшлі адлюстраванне і іншыя перыяды яго біяграфіі: дзяцінства, маладосць, служба ў Францыі, дзейнасць падчас Другой сусветнай вайны і на эміграцыі. Храналагічна ўспаміны завяршаюцца канцом 1940-х гг. і даводзяцца да часу ад’езду аўтара за акіян.

«НН»: Стагановіч быў дэпутатам Сейма толькі адзін год. Чаму так мала?

АП: Час, калі Стагановіч афіцыйна выконваў дэпутацкія абавязкі, абмежаваўся годам: вясной 1928-га ён атрымаў мандат, а вясной 1929-га ўжо ад яго адмовіўся. Але значную частку гэтага перыяду яму давялося прасядзець у турме па абвінавачванні ў антыдзяржаўнай дзейнасці. І фактычна дэпутацкая дзейнасць Стагановіча абмежавалася некалькімі месяцамі.

Адмовіўся ж ён ад мандата на патрабаванне камуністаў, якія ў той час кантралявалі ці, прынамсі, намагаліся кантраляваць дзейнасць клуба «Змаганне».

Стагановіч, як выглядае, не выказваў надта вялікага энтузіязму ў правядзенні палітыкі камуністаў. Ён не ўспрымаўся апошнімі за свайго ў адрозненне ад селяніна са Слонімшчыны Паўла Крынчыка, які стаяў у выбарчым спісе «Змагання» наступным. Дзеля таго і было вырашана, што найбольш карыснай у наяўнай сітуацыі будзе адмова Стагановіча ад мандата на карысць Крынчыка, што і было рэалізавана. Увогуле пытанне адмовы Стагановіча ад мандата, як і яго ўзаемаадносіны з заходнебеларускімі камуністамі, – вельмі заблытаная справа, якую я падрабязна разглядаю ў прадмове да яго ўспамінаў.

Успаміны пасла / Аляксандр Стагановіч; прадм. А.В. Пашкевіча; камент. А.В. Пашкевіча, А.Э. Гардзіенкі. — Мінск: Лімарыус, 2011. — 270 с.: іл. — (Беларуская мемуарная бібіліятэка).

Сяргей Макарэвіч