Піраты Карыбскага мора: што там у новай частцы?

Чацвёртая частка «Піратаў» — кінаопера прыгодаў, дзе Джоні Дэп заляцаецца да Пенелопы Круз.

22.05.2011 / 16:10

Піраты Карыбскага мора: На дзіўных берагах (Pirates of the Caribbean: On Stranger Tides)


ЗША, 2011, каляровы, 137 хв, 3D

Рэжысёр: Роб Маршал

Ролі выконваюць: Джоні Дэп, Пенелопа Круз, Джэфры Раш, Ян МакШэйн, Кевін МакНалі, Астрыд Бергес-Фрызбі, Сэм Клафлін, Рычард Грыфітс

Жанр: Кінаопера прыгодаў

Адзнака: 7 (з 10)

Капітан Джэк Верабей, захоплены былой пасіяй Анжалікай, адпраўляецца на пошукі крыніцы вечнае маладосці. Разам з героямі крыніцу шукаюць канкістадоры й стары «сябра» Вераб’я — аднаногі пірат Барбоса, які перайшоў на службу да ангельскага караля.

Чацвёртая частка «Піратаў» — кінаопера прыгодаў,
падпарадкаваная музыцы Ганса Цымера. Страхалюдзствы й дзівосы зменшыліся (хаця стваральнікі радуюць нас звабна-драпежнымі русалкамі). Сюжэт зрабіўся прасцейшым. Колішняя хуліганская непрычасанасць апранулася ў ганаровыя шаты. Урачыста-шыкоўныя касцюмы, балюстрады, чысценькая ваенная форма, парыкі — менавіта такое аздабленне пасуе операм.

І ў гэтым узнёслым свеце — піраты. Гратэскна-гумарныя жэсты, жарты, экскапада трукаў, каб сцягнуць у караля булачку, харэаграфія фехтавання.

Джоні Дэп давеў да геніяльнасці тэхніку развінчанае «пірацкай» марыянеткі;
а Пенелопа Круз стварае яму меладрамна-дасціпную пару.

Але забаўляльная карціна Роба Маршала найбольшую асалоду даставіць гледачам з добрым музычным слыхам.