Ягады — пакуль у вачах не пацямнее
12.07.2012 / 00:04
Эх, ягады, ягады-чарніцы. Помню, і мы хадзілі ў лес, калі мама з татам былі жывыя. Пакуль націркаеш вядро, у вачах пацямнее. Баішся, каб дзе на гадзюку не ўстаць. А сонца жарыць… Рызінавыя чобаты на нагах… З’ямо рэзнічак сала з гурком каля машыны, і зноў збіраем. І тата мяне раз-пораз гукае, каб я не заблудзіла. Ягаднік аднакавы, не скмеціш, як кругам пойдзеш. Ідзеш-ідзеш па ягадніку, людзі гукаюць адзін другога: «Оў!». Рэха блікае між сосен. «Мачтавы лес», — з любоўю казаў тата і вадзіў паказваць мне лісіныя норы. Пакуль я набяру вядро — мама вялікую кашолку, і без аніводнага лісціка. І спявае… «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець…» Няголосна так.
Вяртаешся да машыны з поўнымі пасудамі, сонца высока, спіна радуецца, што распросталася, і такая ўзнёсласць у душы, што вытрымаў гэтае выпрабаванне, што маеш ягады, што пачастуеш старую бабу і малых, што ты хадзіў у лес, як да цябе дваццаць кален хадзілі.
Прыедзем з лесу і, канечне, на першы вечар варэнікі з ягадкамі, у масле.
Мамачка, мамачка ты мая незабыўная... Дзе вы, мае гады маладыя...
Піша гэта, і чую пах багуну.
успамін даслала чытачка Люба праз каменты на nn.by