Памёр Барыс Ельцын
Абноўлена
М. Гарбачоў: "За ягонымі плячыма былі вялікія справы на карысьць краіны і былі сур'ёзныя памылкі". С. Шушкевіч: "Ельцын быў надзіва прыстойным чалавекам...". А. Лукашэнка: "Беларусы назаўсёды захаваюць ў сваіх сэрцах памяць пра Барыса Мікалаевіча - сапраўднага сябру і вялікага палітыка".
23.04.2007 / 16:59
У панядзелак памёр першы прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын (нарадзіўся ў 1931 г.)
Пра гэта паведаміла РІА «Новости» са спасылкай на прэс‑службу Крамля.
Ельцын займаў пасаду прэзыдэнта Расеі з 1991 па 31 сьнежня 1999 г., калі ён нечакана заявіў пра сваю адстаўку.
Былы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў выказаў спачуваньні блізкім Барыса Ельцына ў сувязі зь ягонай сьмерцю.
"Я выказваю самыя глыбокія спачуваньні сям'і памерлага, за плячыма якога вялікія справы на карысьць краіны і сур'ёзныя памылкі", - цытуе Гарбачова расейская служба Бі-Бі-Сі.
* * *
Станіслаў Шушкевіч: «Ён ніколі ня лаяўся матам»
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч разьвітваецца з першым кіраўніком Расеі Барысам Ельцыным.
«Я смуткую з гэтай нагоды. Мае ўспаміны пра Барыса Ельцына самыя сьветлыя. Найперш гэта ўспаміны пра Віскулі. Ельцын быў першым сусьветным кіраўніком, які прызнаў незалежнасьць Беларусі. Мне заўсёды было прыемна кантактаваць з гэтым чалавекам. Праўда, з гадамі, як бы мне таго не хацелася, зносінаў паміж намі станавілася ўсё меней і меней. І Ельцын, і ягоная жонка былі надзіва прыстойнымі людзьмі, можа быць самымі прыстойнымі з тых, каго я сустракаў у жыцьці. У адрозьненьні ад большасьці кіраўнікоў дзяржаваў, Ельцын абсалютна ніколі не лаяўся матам.
Сумняюся, што ў Расеі нешта зьменіцца пасьля сьмерці Ельцына. Ягоны ўплыў апошніх гадоў быў вельмі маленькім. Мне здаецца, што Ельцын балюча ўспрымаў падзеі апошніх гадоў у Расеі. Хаця б тое ж вяртаньне савецкага гімну, Барыс Мікалаевіч лічыў, што савецкай спадчыне ня месца ў новай Расеі.
У адрозьненьні ад свайго наступніка Ельцын быў сапраўдным дэмакратам, можа часам аж занадта. Але нягледзячы ні на што ў яго атрымлівалася трымаць балянс паміж цэнтральнай уладай і ўладай на месцах».
* * *
Як паведамляе, Эхо Москвы Барыс Ельцын памёр сёньня ў 14:45 паводле менскага часу ў Цэнтральнай клінічнай больніцы.
Дактары паведамілі, што прычынай сьмерці стала прагрэсаваньне сардэчна‑сасудзістай недастатковасьці. Але яшчэ нядаўна, нічога не прадвяшчала такога выніку. Барыс Ельцын рэгулярна праходзіў плянавыя мэдыцынскія абсьледаваньні, а мэдыкі казалі, што ён знаходзіцца ў добрай для ягонага ўзросту фізычнай форме.
Кардыяхірург Рынат Акчурын, які ў 1996 г. рабіў Ельцыну апэрацыю аорта‑каранарнага шунтаваньня, сказаў, што апошнім часам не назіраў першага прэзыдэнта, але і падставаў для гэтага не было.
Кардыяхірург зазначыў, што тэрмін жыцьця Ельцына пасьля апэрацыі з «мэдыцынскага гледзішча можна лічыць добрым вынікам: «Але колькі б чалавек не пражыў, страта заўсёды сумная. І мне вельмі шкада, што адбылося».
* * *
Спачуваньні сям'і Ельцыных выказалі кіраўнікі і вядомыя асобы розных краін. Выказаў спачуваньні сям'і Ельцыных і У. Пуціна і кіраўнік Беларусі.
"Пайшоў з жыцьця лідэр нацыі ў поўным сэнсе гэтага слова, сапраўды патрыёт сваёй краіны, выдатны дзяржаўны дзеяч, які душой хварэў за Расею і ейны народ. Беларусы назаўсёды захаваюць ў сваіх сэрцах памяць пра Барыса Мікалаевіча - сапраўднага сябру і вялікага палітыка, зь імем якога зьвязаны найбольш значныя і памятныя старонкі ў разьвіцьці саюзных адносінаў паміж беларускім і расейскім народамі", зазначаецца ў пасланьні Аляксандра Лукашэнкі.