«Мова. Музыка. Маладосць» — выйшаў дакументальны фільм пра беларускі рок
З унікальнымі кадрамі і ўспамінамі.
14.11.2012 / 00:17
Творчае аб’яднаньне «KAVA groups» разам з аператарам Аляксандрам Крупінаю са студыі «КапканFilm» і стваральнікам культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзіба» Паўлам Белавусам прэзентавалі дакументальны фільм «Мова. Музыка. Маладосць».
Пра ідэю і мэты фільма распавядае адзін з аўтараў Павал Белавус:
«Ідэя фільма ўзнікла мінулай восенню, калі я арганізаваў невялікі канцэртны тур Vinsent’a па Беларусі.Мы тады вялікім музычным складам аб’ехалі з канцэртамі Івацэвічы, Берасце, Горадню і скончылі вялікім канцэртам у Мінску. Усе канцэрты і нашыя прыгоды ў туры здымаў Аляксандр Крупіна. Таму назбіралася шмат відэа, з якім мы спачатку не ведалі што рабіць, а пасля нарадзілася ідэя зрабіць дакументальны фільм пра творчае жыццё беларускамоўных музыкаў.
Але паступова,
калі мы ўжо пачалі прапісваць сцэнар, то ідэя трансфармавалася ў больш шырокую — зрабіць фільм, які паказвае гісторыю беларускамоўнай альтэрнатыўнай музычнай плыні ад яе зараджэння да сёння.Таму ў выніку фільм „Мова. Музыка. Маладосьць“ стаў такой дакументальнай гісторыяй фармавання, развіцця і жыцця беларускамоўнай музычнай творчасці з цікавымі фактамі і незабыўнымі падзеямі».
Відэааператар Аляксандр Крупіна дадае: «Для мяне гэты дакументальны фільм — першая спроба працы ў такім жанры. Раней я здымаў збольшага толькі кліпы, таму і працаваць над фільмам было складана, бо
мы не прафесіяналы, а хутчэй аматары, якія ў гэтай стужцы імкнуліся паказаць развіццё беларускамоўнай музыкі, і шматлікія дакументальныя рарытэтныя кадры і фатаздымкі80-х і90-х нам у гэтым дапамаглі.
І галоўнае, што, паказаўшы ўсю складанасць жыцця беларускамоўных гуртоў у Беларусі, мы скончылі фільм аптымістычным выказваннем Вінцука Вячоркі пра тое, што мы ёсць беларусы, мы нармальная творчая нацыя, мы ня толькі не горшыя, але, напэўна, і лепшыя за іншых, і тысячы гадоў будзем жыць на гэтай зямлі».