Ён цяжка хварэў, чакаў перашчэпу пячонкі, але донара так і не знайшлі.
На 55-м годзе жыцця пасля цяжкай працяглай хваробы памёр Віктар Івашкевіч.
Паводле словаў сябры і аднапартыйца Лявона Баршчэўскага, у Віктара Івашкевіча была хвароба пячонкі, ён доўга чакаў донара, але не дачакаўся. Доўгі час ляжаў у бальніцах.
Віктар Івашкевіч нарадзіўся 21 верасня 1959 у Мінску. З пачатку 1980-х — у моладзевым нацыянальным руху, удзельнік першых, напаўпадпольных незалежніцкіх суполак «Майстроўня», «Талака». З 1988 — у Беларускім Народным Фронце.
Быў арганізатарам страйкамаў на минскіх прадпрыемствах у 1991 годзе.
Шмат разоў яго арыштоўвалі. Быў рэдактарам газэты «Рабочы». У кастрычніку 2002 быў асуджаны на два гады абмежавання волі за публікацыю артыкула «Злодзей павінен сядзець у турме», у якім пракуратура ўбачыла паклёп на прэзыдэнта.
Намеснік старшыні Партыі БНФ да 2009 года. Да лютага 2011 г. быў кіраўніком мінскай гарадской арганізацыі БНФ. Але ў лютым абвясціў пра выхад з партыі з-за нязгоды з пазіцыяй, якую заняў былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў.
Быў сябрам аргкамітэта партыі «Беларускі рух».
Лявон Баршчэўскі: Івашкевіч заўсёды верыў у перамены
Сябра аднапартыец Віктара Івашкевіча, педагог Лявон Баршчэўскі кажа пра свайго сябра:
«Вялізная страта. Самае галоўнае – ён быў аптымістам. Верыў, што магчымыя змены. Рабіў усё, каб несправядівай улады не стала. Івашкевіч лічыў, што для гэтага трэба звяртацца да народа. Без кантакту з простымі людзьмі, рабочымі немагчымыя змены. Калі апошні раз з ім бачыліся, то хворы ён дзяліўся сваімі планамі выхаду на заводы. Спадзяюся, тое, чаму Івашкевіч прысвяціў увесь свой жыццёвы шлях, усё ж спраўдзіцца».
Франак Вячорка: З Івашкевічам нястрашна было ісці на Плошчу
Моладзевы актывіст, журналіст Франак Вячорка пра Віктара Івашкевіча, які памёр сёння пасля доўгай хваробы.
«Маральны, адважны, паслядоўны, прынцыповы, дэмакратычны і заўжды прабеларускі - гэта ўсё Віктар Івашкевіч. Без яго не было б масавых акцыяў 1990-2000-х, не было б Фронту і Моладзі БНФ, не было б таго руху супраціву. З ім было нястрашна ісці на Плошчу, сядзець у пастарунках.
Нават калі ўсіх адольвала апатыя, Івашкевіч не даваў раскісаць, збіраў усіх разам, уздымаў настрой і мы зноў дзейнічалі.
Пакуль многія нашыя палітыкі пазавалі перад фотакамерамі, спадар Віктар сядзеў, складаў улёткі, абыходзіў кватэры, здабываў мэгафоны і рыхтаваў чарговае шматтысячнае шэсце. Каго-каго, а разам з ім дэмакратычная апазіцыя і беларускі рух страцілі лідара і арганізатара».
Аляксей Янукевіч: Пакуль іншыя спрачаліся, Івашкевіч рабіў
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч пра Віктара Івашкевіча:
«Гэта вельмі-вельмі вялікая страта для нацыянальнага руху. Івашкевіч быў сапраўдным рухавіком, ён меў каласальныя арганізатарскія здольнасці. Пакуль іншыя спрачаліся, ён браўся за справу.
Гэта чалавек дзеяння. Вельмі пазітыўны. Ведаў, шмат жартаў, умеў іх расказваць.
Калі мы ездзілі з ім па краіне на перадз’ездныя сходы, то шмат спрачаліся на сустрэчах, але ніколі ў дарозе. Ён зведаў шмат ціску, пры гэтым заставаўся жыццярадасным чалавекам. Нядаўна ў яго быў дзень нараджэння, калі я віншаваў спадара Віктара, то ён мне адказаў, што стараецца не губляць дух, заставацца бадзёрым. Гэта ў яго атрымлівалася да апошняга».
Павел Севярынец: Івашкевіч быў маторам розных кааліцый
«Віктар Івашкевіч запомніўся мне як адзін з самых станоўчых і грунтоўных людзей у Фронце, — кажа палітык Павел Севярынец. — Заўжды выклікала павагу тое, што ён можа прыняць пункт погляду іншага, а не будзе адстойваць свой толькі таму, што гэта погляд ягоны.
Мы, маладафронтаўцы, нярэдка звярталіся да яго – ён быў адмысловым лагістам, мог дастаць гукаўзмацняльную апаратуру на акцыі, зладзіць паездку па рэгіёнах. У гэтых пытаннях ён заўжды даваў рады. Звярталіся да яго, калі трэба было знайсці з кім-небудзь паразуменее.
Івашкевіч разам з Вячаславам Сіўчыкам заўжды добра ставіліся да моладзі. У яго была рэдкая цярпімасць, што не заўжды сустракаецца ў нашых апазіцыйных колах. Ён быў маторам усіх кааліцый.
Вельмі шкада, што ён памёр такі малады. Колькі ён яшчэ мог зрабіць для Беларусі. Светлая памяць».
Лявон Вольскі: Івашкевіч адным з першых параіў нам размаўляць па-беларуску
«Віктар Івашкевіч быў адным з тых, хто прывёў мяне да беларушчыны, за што я яму вельмі ўдзячны. На жаль, апошнім часам мы мала стасаваліся.
Калі мы толькі пачыналі як гурт, Івашкевіч дапамагаў нам рабіць нашы першыя, яшчэ аматарскія запісы, гэта было яшчэ ў 1980-х.
Да таго ж, менавіта ён быў адным з першых, хто параіў нам размаўляць па-беларуску ў рэальным жыцці, за што мы яму вельмі ўдзячныя».
Алег Дашкевіч: Віця не здасць, не прадасць, не схібіць
Кінарэжысёр Алег Дашкевіч пра свайго сябра Віктара Івашкевіча:
«У маёй памяці Віктар Івашкевіч застанецца чалавекам простым і глыбокім адначасова. Адзін з нямногіх, хто ў апазыцыйнай кагорце мысліў нестандартна, вобразна і шчыра. Да апошніх дзён, ён ставіўся да жыцця, з уласцівым яму пачуццём гумару, хоць гэта было ў ягоным стане складана. Чалавек, у прыватнах дачыненнях з якім ты разумеў, што Віця не здасць, не прадасць, не схібіць.Чалавек, з якім можна было ісці ў разведку. Чалавек, які жыў і сышоў годна. Бывай, дружа…»
Каментары