Грамадства22

Дзякуючы яму змяніліся ўмовы на Акрэсціна. Валеру Шчукіну — 75

22 сакавіка споўнілася 75 гадоў дэпутату Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, былому палітвязьню, праваабаронцу Валеру Шчукіну.

Валер Шчукін пільна сочыць за лёсам затрыманых у апошнія тыдні. Напэўна, ня ўсе вязьні турмы на Акрэсьціна ведаюць, што ўмовы ў гэтай вязьніцы зьмяніліся ў тым ліку і дзякуючы ўпартаму Шчукіну, якога шмат разоў кідалі туды за краты.

Раней на Акрэсьціна вязьням не выдавалі лыжак з доўгім чаранком. У канцы 1990-х гадоў з такімі лыжкамі, за якія немагчыма ўхапіцца, доўга змагаўся былы дэпутат Вярхоўнага Савету Валер Шчукін. Яму нешта сапраўды ўдалося: вязьням пачалі даваць белы хлеб і выводзіць на прагулкі, замянілі лыжкі-калекі на нармальныя.

Праваабарончая прэмія 2015 году. Ляўрэат прэміі, грамадзкі актывіст Валеры Шчукін (зьлева) і праабаронца Алесь Бяляцкі. Менск, 7 сьнежня 2015 году

Валер Шчукін кажа, што ня ведае цяперашніх умоваў у турме на Акрэсьціна, але мае шанец пазнаёміцца, бо зьбіраецца ісьці на акцыю 25 сакавіка з нагоды Дня Волі ў Менску. Што да юбілею, то былы палітвязень сьвяткаваць пакуль не зьбіраецца.

«Сьвяты не адзначаю, у мяне дома сухі закон, а адзін я не п'ю».

Жыве Валер Шчукін у Менску разам з дачкой і яе сям'ёй. Апошнім часам амаль нікуды не выходзіць з дому з прычыны кепскага стану здароўя. Але на «Марш недармаедаў» 15 сакавіка ў Менску ўсё ж выйшаў.

«І нават выступаў. Мяне пазнаюць на акцыях, пытаюцца, чаму мала выходжу. Я кажу, што здароўе магло быць і лепей. Праўдападобна, што адбіліся мае «адседкі» на здароўі. Па эўрапейскім меркам 75 гадоў далёка не старэчы ўзрост, але я жыву ў Беларусі, а не ў Эўропе. Я ўсім цікаўлюся, па магчымасьці пішу на сайт «Нашага дому». Калі здароўе дазваляе, выходжу на мерапрыемствы, але актыўнасьць мая яўна ня тая, што раней, але не таму, што не хачу, а таму што я ўжо не зусім магу».

Апошні раз Валера Шчукіна асудзілі на пяць сутак арышту ў турме на Акрэсьціна пасьля затрыманьня падчас акцыі маўклівага пратэсту ў ліпені 2011 году. Тады на Прывакзальнай плошчы Шчукін абараняў ад невядомых у цывільным свайго ўнука. Незадоўга да заканчэньня тэрміну пакараньня аўтаматчыкі ў міліцэйскай форме вывезьлі яго ў бязьлюдны раён гораду і пакінулі там.

Валеры Шчукін упершыню трапіў за краты пры канцы 1998 году. На турэмным рахунку капітана другога рангу ў адстаўцы і дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня — некалькі дзясяткаў адміністрацыйных арыштаў і тры крымінальныя прысуды. Па адным зь іх ён адседзеў у 2001 годзе тры месяцы ў Жодзінскай турме за тое, што спрабаваў трапіць на прэсавую канфэрэнцыю міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава. Але з усіх адседак Шчукіну найбольш востра згадваецца адзін дзень у Жодзінскай турме. Дзень, калі яму гвалтам пагалілі бараду.

«Старога Хатабыча памятаеш? Дык там уся сіла старога была ў барадзе. Відаць, улады палічылі, што ў мяня таксама ўся сіла ў барадзе. І далі каманду Валадарцы — пагаліць. Валадарка адмовілася».

Пагаліць Шчукіна ўзяліся ў Жодзінскай турме.

«І вось мяне пасадзілі. З аднаго боку мардаварот, з другога таксама, але ўжо з тупым лязом «Нява». Сказалі, што, калі буду варушыцца, будуць біць дубінкамі. А паколькі біць дубінкамі — мяне не спужаеш, то сказалі, што будуць галіць на сухую. І ў мяне адразу сьлёзы на вачах. У мяне вельмі жорсткая шчаціна. Уласна, гэта адна з прычынаў, чаму я нашу бараду — у мяне з гэтым усё жыцьцё былі праблемы. І калі я ўявіў, што яны будуць насуха мяне галіць, то сказаў гэтаму зэку: «Добра, выконвайце каманду, я на вас крыўды ня буду трымаць».

Дзесяць гадоў таму ў Шчукіна памерла жонка Любоў Адамаўна. Так яе звалі ў Беларусі, але насамрэч яе імя Лемпі. Як яна ставілася да палітычнай актыўнасьці мужа?

«Перажывала, канечне. Я лічу, што гэта адна з прычынаў, чаму яна і пайшла ў магілу. Інгерманландцы — так правільна яе нацыянальнасьць называецца. Гэта абруселыя фіны, якія жывуць у Ленінградзкай вобласьці. У іх і мова крыху адрозьніваецца. Калі знаёміліся, я гавару: «Я — Валеры Шчукін», а яна: «Я — Лемпі Адамаўна». У мяне вочы палезьлі. Яна ж разумее, што я не ўрубаюся. «Называй Люба», — кажа. Але я потым разабраўся. Напэўна, я быў потым адзіны, хто тут яе так называў — Лемпі».

У 2001 годзе Валеры Шчукін адседзеў тры месяцы арышту за непадпарадкаваньне ахоўнікам і пабітае шкло ў будынку Міністэрства ўнутраных справаў — Шчукін спрабаваў трапіць на прэсавую канфэрэнцыю міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава.

«Мяне пасадзілі за разьбітае шкло, калі мяне не пускалі. Дамогся свайго. Больш міністар ня робіць гэтага. Больш прэсавых канфэрэнцыяў не праводзіць… Так, я адседзеў не дарма».

«З пункту гледжаньня закону я сапраўдны крымінальнік», — кажа Шчукін. Першы раз на яго завялі крымінальную справу ў 1999 годзе за «Марш Свабоды-1».

Далей было пабітае шкло ў будынку МУС, і ў 2007 годзе была трэцяя крымінальная справа за пісьмовую абразу гонару й годнасьці сяброў акруговай і абласной выбарчых камісіяў (справа скончылася вялікім штрафам).

Шчукін сядзеў у розных турмах і розныя тэрміны — на Акрэсьціна, Валадарцы, у Жодзінскай, Віцебскай, Бераставіцкай турмах.

На апазыцыйныя акцыі Валер Шчукін працягвае выходзіць, але ня ў першых шэрагах. Пасьля Дня Волі 2005 году.

«Мне тады нейкі старлей па нагах, як футбалісты б'юць, ударыў. І я адразу ўпаў. Я спрабую падняцца і разумею, што ў мяне няма сілы ўстаць. Людзі кінуліся, расьпіхалі, выцягнулі мяне. Раней я на любой акцыі ўставаў і ішоў далей. Было, што яшчэ і ўнукаў перад сабой вёў, каб не задушылі. Цяпер я ўжо ў першай шарэнзе ісьці не магу…»

2013 год. На сходзе дэпутатаў ВС 13-га скліканьня.

Якую параду «дасьведчаны вязень» мог бы даць цяперашнім затрыманым напярэдадні Дня Волі, пытаюся ў Валерыя Шчукіна. Былы палітвязень адказвае не задумваючыся.

«Змагацца і там. Я таксама сядзеў нямала ў свой час, але я і за кратамі быў свабодным чалавекам. Я прыніжэньням не падпарадкоўваўся».

Шчукін спачатку сьмяецца, калі пытаюся пра найбольш жаданы падарунак на дзень нараджэньня, а потым адказвае:

«Поўная капітуляцыя кіраўніка цяперашняга рэжыму».

***

Валеры Шчукін нарадзіўся 22 сакавіка 1942 году ва Ўладзівастоку. Скончыў Ленінградзкую вышэйшую вайскова-марскую інжынэрную вучэльню. 27 гадоў служыў у флёце. Капітан другога рангу. Скончыў школу ў Менску, адсюль і прызвалі ў войска, таму па завяршэньні службы вярнуўся ў Менск.

Каментары2

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску16

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

Чалы: Для Лукашэнкі аднолькава дрэнныя і перамога Расіі, і перамога Украіны. Ён хацеў бы нічыёй4

У Мінску людзі за тры дні выстройваюцца ў чаргу па кватэры2

Гродзенскі музей купіць карціну мясцовага мастака пра вайну з сімвалам Z9

У Dana Mall зноў зрабілі вельмі прыгожую навагоднюю інсталяцыю ФОТЫ4

Іван Эйсмант: Больш за 50% беларусаў давяраюць дзяржаўным СМІ24

«Яны ўсе хочуць Савецкі Саюз, але пры гэтым жыць як сёння». Сябар Лукашэнкі рэзка раскрытыкаваў савецкае мінулае і яго рэстаўратараў13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску16

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →