Пішам доўгія тэксты з 1906 года
© 2018 | Наша Ніва
Пішам доўгія тэксты з 1906 года
© 2018 | Наша Ніва

НЯСВІЖ

Нясвіж. Рэзідэнцыя магутнай беларускай дынастыі. Першы ва Усходняй Еўропе барочны касцёл. Адно з самых вялікіх у Еўропе фамільных пахаванняў. А таксама гонар усёй гарадской архітэктуры краіны – Слуцкая брама і найстарэйшая Ратуша. Мы завяршаем праект «Гарады Магдэбургскага права» аповедам пра горад, які вось ужо пяць стагоддзяў ведае ўвесь свет. Нясвіж – не вялікі і не малы, ідэальны горад, беларуская урбаністычная казка.

БЕЛАРУСКАЯ ЎРБАНІСТЫЧНАЯ КАЗКА

Нясвіж пачынаўся як невялікае паселішча на рацэ Уша. Доўгі час навукоўцы лічылі першай узгадкай пра горад 1223 год, калі Юрый «Нясвізскі» ўзгаданы ў ліку князёў, што бралі ўдзел у бітве з манголамі на Калцы. Аднак цяпер гісторыкі схільныя думаць, што то быў князь з сугучнага ўкраінскага гарадка Несвіч. Паходжанне назвы Нясвіж дакладна не ўстаноўленае. Сам збег гукаў нагадвае іншыя балцкія назвы: Немеж, Панявеж.


ЛЕГЕНДЫ ПАЧАТКУ
БРАМЫ
Умацаваны Нясвіж быў абкружаны гарадскімі сценамі, а трапіць у горад можна было праз пяць «брамаў», гэта значыць, варот — Слуцкую, Клецкую, Віленскую, Мірскую і Замкавую. Назвы яны атрымалі па кірунках дарог. Адзін з сімвалаў Нясвіжа дый усёй Беларусі — Слуцкая брама. Яна адкрывае шлях з горада на Капыль і Слуцк. Унікальнасць брамы ў тым, што гэта адзіны ацэлелы ўзор гарадскіх варот на Беларусі. Ніводнай іншай гарадской брамы ў краіне не захавалася. Брама была яшчэ і пунктам збору падаткаў з наведнікаў магдэбургскага горада.
У першапачатковым гатычна-рэнесансным выглядзе, які зафіксавала гравюра Тамаша Макоўскага, брама прастаяла да ХVII стагоддзя, да спусташальнай вайны з Масковіяй. Пасля яна была адноўлена ўжо ў барочным стылі. Ад брамы да брамы ішлі абарончыя валы, ад якіх ужо нічога не засталося. У брамнай арцы захавалася барочная табліца XVII стагоддзя — часоў Міхала Казіміра. Пэўны час у браме была капліца, а цяпер экспазіцыйная зала і сувенірная крама. За савецкім часам для спрашчэння руху вакол яе было зроблена транспартнае кола.
Захавалася і вежа, якая стаяла пры Замкавай браме. Сёння гэта самая старая мураваная пабудова ў Нясвіжы – помнік архітэктуры XVI стагоддзя. Яна спалучае ў сабе рысы беларускага абарончага дойлідства, элементы готыкі і рэнесансу. Цяпер Замкавая вежа ўваходзіць у комплекс былога кляштара езуітаў і выкарыстоўваецца як званіца касцёла Божага Цела.
РАДЗІВІЛЫ
Знакаміты арыстакратычны род пачаў сваё узвышэнне ў часы Вітаўта Вялікага. Імя Радзівіл — балцкае (параўнайце: Монтвіл, Таўцівіл). Пачатак пісьмовай гісторыі Радзівілаў — Гарадзельская ўнія 1413 года, якая была падпісаная ў невялікай крэпасці на Бугу. Тая унія замацавала за элітай ВКЛ шляхецкія правы, а прадстаўнікі ўплывовых родаў атрымалі фамільныя гербы. Літоўскі баярын Крысцін Осцік атрымаў герб «Трубы». Менавіта ён лічыцца заснавальнікам дынастыі Радзівілаў.
Старэйшая галіна Радзівілаў, князёў на Мядзеле і Ганядзі, згасла ў 1542 годзе. А самая магутная, нясвіжская, адлічвае свой пачатак ад 1513 года. З гэтых часоў Нясвіж становіцца фамільнай рэзідэнцыяй роду. У выніку дынастычнага шлюбу Ганна з Кішкаў, або Кішчанка, сваякі якой валодалі Нясвіжам, становіцца жонкай Яна Радзівіла Барадатага. Іх сын Мікалай Радзівіл «Чорны», празваны так за колер барады, стаў канцлерам Вялікага Княства — аналаг цяперашняга прэм’ер-міністра.


Пасля яго смерці канцлерам стане іншы выдатны палітык — ягоны стрыечны брат Мікалай Радзівіл Руды. Ён жа, пасля смерці брата, узначаліць пратэстантаў ВКЛ. Сучаснікі адрознівалі іх па колеры валасоў. Трэба памятаць, што Мікалай Радзівіл Чорны валодаў Нясвіжам, а Руды — Біржамі і Жупранамі. Мікалай Радзівіл Чорны захапіўся ідэямі пратэстантызму, і пры ім Нясвіж стаў цэнтрам Рэфармацыі ў Беларусі.

Росквіту Нясвіжа дасягнуў у часы князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, сына Мікалая Чорнага. У 1586 годзе з'яўляецца Нясвіжская ардынацыя Радзівілаў — непадзельнае ўладанне, якое перадавалася толькі ад бацькі да старэйшага сына. Дзякуючы гэтаму Нясвіж не пераходзіў з рук у рукі, а заставаўся радзівілаўскім з веку ў век. Радзівілаўскі Нясвіж быў дзяржавай у дзяржаве. Нават прымаўка ўзнікла: «Каралі ў Варшаве, а Радзівілы ў Нясвіжы». Уплывовы магнацкі род займаўся не толькі архітэктурным аздабленнем сваіх уладанняў, але купляў ці замаўляў шматлікія творы мастацтва.


Першы вядомы пісьмовы ўспамін пра Нясвіж адносіцца да 1446 года. Вялікі князь Казімір перадаў яго новаму гаспадару – Мікалаю Няміравічу. Эканамічны росквіт Нясвіжа пачаўся пасля таго, як ён стаў цэнтрам уладанняў Радзівілаў. У 1586 годзе разбудаваны Мікалаем Радзівілам горад атрымлівае ад караля Стэфана Баторыя Магдэбургскае права. Герб горада спалучае ў сабе рысы радавога герба Радзівілаў: палова барочнага шчыта складалася з фрагмента чорнага арла, а другая частка з дзесяці палос блакітнага, чырвонага і залатога колераў – фамільных колераў роду.

МАГДЭБУРГСКАЕ ПРАВА
РЭФАРМАЦЫЯ
З XVI стагоддзя Нясвіж становіцца галоўным цэнтрам Рэфармацыі – рэлігійнага руху пратэстантаў, якія аддзяліліся ад каталіцтва і шукалі правільнае, сапраўднае хрысціянства ў евангеллях. Неўзабаве барацьба каталіцызму з пратэстантызмам стала рухавіком вялікай палітыкі.

Мікалай Радзівіл Чорны быў кальвіністам. Свае творы яму прысвячаў сам заснавальнік веравызнання Жан Кальвін. Мікалай Радзівіл Чорны запрашае ў Нясвіж кальвінісцкіх філосафаў, адчыняе друкарню, якая друкавала самыя смелыя разважанні тагачаснай Еўропы, а таксама закладае пратэстанцкія школы.
Менавіта тут у 1562 годзе была надрукавана важная кніга на старабеларускай мове — «Катэхізіс». Яе аўтар — гуманіст і філосаф Сымон Будны. Цяпер побач з касцёлам Божага Цела стаіць помнік беларускаму мысляру.

Цікава, што візуальны вобраз Буднага захаваўся дзякуючы ягоным праціўнікам. Наступны ўладальнік Нясвіжа Мікалай Радзівіл Сіротка з палітычных меркаванняў перайшоў у каталіцтва, і пратэстанцкая дзейнасць у горадзе была згорнута, а Буднаму давялося выехаць. Езуіты, палымяныя ахоўнікі рэлігійнага канону, намалявалі карыкатуру на Буднага, які варыцца ў смаляным катле ў пекле. Дзякуючы гэтаму сярэднявечнаму «мему» мы і маем прыжыццёвую выяву знакамітага пратэстанта.
ЗАМАК
Першы камень у падмурак Нясвіжскага замка заклалі ў 1583 годзе па ініцыятыве Мікалая Радзівіла Сіроткі. Сёння замак-палац спалучае рысы розных стыляў — ад рэнесансу і барока да нэаготыкі і мадэрну. Аматар далёкіх падарожжаў, Мікалай Радзівіл прывозіць у Нясвіж італьянскіх майстроў. Галоўным архітэктарам Нясвіжа ў ХVI стагоддзі стаў Джаванні (па-нашаму Ян) Марыя Бернардоні, які перабудоўваў Нясвіж згодна з канцэпцыяй «ідэальнага горада» — простакутнай планіроўкі ў выглядзе правільных геаметрычных форм. Тады тут і з’явіліся славутасці, што цяпер зрабілі сталіцу Радзівілаў турыстычнай сталіцай Беларусі.
Знакамітую выяву Нясвіжа пачатку ХVIІ стагоддзя зрабіў прыдворны картограф і гравёр Тамаш Макоўскі. Замак жа ў тыя часы меў абарончую функцыю. Ён атрымаў пяцікутную форму. Абарону бастыёнаў палягчалі ставы, запоўненыя вадой з ракі Уша. Цікава, што яго не змаглі захапіць маскоўцы падчас спусташальнай 13-гадовай вайны. У замку працавалі шматлікія майстэрні, а самым вялікім быў ліцейны цэх, або людвісарня, дзе выраблялі гарматы для прыватнага радзівілаўскага войска.
Тыя Радзівілы ўмелі добра ваяваць. Але ўмелі і баляваць. Калісьці тут было 12 парадных залаў. Насупраць уязной брамы знаходзіўся галоўны корпус – трохпавярховы палац з пакоямі гаспадароў. Была тут і хатняя каплічка, пакой для трафеяў з паляванняў, залы з калекцыямі зброі, жывапісу, і бібліятэка.
ПАЛАЦ
Радзівілы мелі прывілей ад караля Рэчы Паспалітай на захаванне ў сваім палацы дзяржаўных дакументаў. Фактычна, тут месціўся адзін з першых дзяржаўных архіваў Вялікага Княства Літоўскага. Замак перажыў першае разбурэнне пры шведах, у час Паўночнай вайны. Яны вывезлі найлепшыя радзівілаўскія гарматы. Але Радзівілам хапіла сілы і сродкаў разбудаваць сваю рэзідэнцыю яшчэ пышней, чым яна была.
Вясёлым перыядам у жыцці замка было ХVIII стагоддзе. Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька практычна завершыў пабудову замка (якую скончыў ягоны сын Пане Каханку), а яго жонка Францішка Уршуля заснавала тут тэатр з тэхналагічнай рухомай сцэнай. Яна напісала для яго 16 п'ес, а таксама рабіла і сцэнаграфію гэтых пастановак.
Радзівіл Пане Каханку з казачнай пышнасцю прымаў тут апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. А пасля палац у Нясвіжы быў разрабаваны французамі ў 1812 годзе. Без знаку зніклі ў тым ліку 12 залатых апосталаў – адна з самых крыўдных культурных страт. За ХХ стагоддзе замак перажыў ваенныя разрабаванні, тут быў шпіталь для параненых, «Белміжкалгасздраўніца», пажар на Каляды ў 2004-м знішчыў цэлае крыло. Турыстычнай візітоўкай замак стаў пасля поўнай рэстаўрацыі. Адкрыты для наведвання зусім нядаўна, у 2012 годзе, Нясвіжскі палац стаў самым папулярным турыстычным аб'ектам краіны.
БАРОКА
Другі па значнасці пасля Нясвіжскага замка аб'ект горада – велічны касцёл Божага Цела, які будаваўся чатыры гады пры канцы XVII стагоддзя ўсё тым жа Джавані Бернардоні. Гэта першы ва Усходняй Еўропе храм у стылі барока. Правобразам для яго стала знакамітая рымская царква Іль Джэзу. Верхавіны храма дабудоўвалі ўжо вучні Бернардоні, а сам майстар накіраваўся ў Кракаў, дзе пабудаваў пазней дакладную копію касцёла ў Нясвіжы. Унутранае ўбранне касцёла — само сабою помнік мастацтва.
Храм аздабляюць сорак фрэскавых кампазіцый, у якіх мастацтвазнаўцы заўважаюць уплыў Рубенса. Галоўны алтар упрыгожаны карцінай "Тайная вячэра" Ксаверыя Дамініка Гескага. У сутарэннях касцёла месціцца цудам ацалелая фамільная крыпта Радзівілаў. Адданасць і смеласць святароў зберагла крыпту ад разрабавання ў савецкі час. Цяпер яна, на жаль, зачынена для наведвання і знаходзіцца на рэканструкцыі.
Радзівілаўская крыпта — трэцяя па колькасці родавых пахаванняў у Еўропе пасля Габсбургаў у венскай Капуцынеркірхе і Бурбонаў у саборы Сен-Дэні ў прыгарадзе Парыжа. У крыпце 70 саркафагаў: самае ранняе з пахаванняў датаванае 1616 годам, апошняе — 1936-м. Адзін з саркафагаў — «гарбаты». Храм Божага Цела ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
АТМАСФЕРА
Нясвіж ніколі не быў вялікім горадам. Цяпер у райцэнтры жывуць каля 15 тысяч жыхароў. Але гісторыя магутнага роду Радзівілаў робіць яго адным з галоўных турыстычных цэнтраў Беларусі. Вядома, у горадзе яшчэ шмат што трэба аднавіць, каб прачытваўся ўвесь гарадскі ансамбль. Але і цяпер тут можна пабачыць выдатныя прыклады архітэктуры старых часоў. Адзін з іх – "дом рамесніка" побач з Ратушай. Пабудаваны ў 1721 годзе, гэта цяпер адзіны ацалелы ва ўсёй Беларусі ўзор рамеснай архітэктуры той пары. Ніжні ярус у дома каменны, а верхні, жылы, выраблены з дрэва. Непадалёк месціцца будынак заезнага двара XIX стагоддзя.
Самымі ж маштабнымі ландшафтнымі помнікамі з'яўляюцца паркі ля Нясвіжскага замка. Іронія ў тым, што раней іх не існавала. На большасці графічных і жывапісных выяў XIX стагоддзя Нясвіжскі замак атачаюць толькі адзінкавыя дрэвы. Яшчэ ў часы Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі тэрыторыю вакол замка па ўсіх законах ваеннага мастацтва расчышчалі для паляпшэння агляду. Уладзіслаў Сыракомля, апісваючы Нясвіж у 1830-я гады, згадваў пра запушчаны стан прылеглых да замка земляў. Толькі ў пачатку XIX стагоддзя, калі палац канчаткова страціў сваё абарончае значэнне, каля ўмацаванняў высадзілі дрэвы.
РАТУША
Нясвіжская ратуша – самы старажытны сімвал Магдэбургскага права з тых, што захаваліся на Беларусі. Яе збудавалі на сродкі гараджан ў 1596 годзе, да 10-годдзя атрымання каралеўскага прывілея. Адначасова па яе перыметры былі ўзведзены гандлёвыя рады. У гэтай галерэі працавала 50 крам. Фантастыка ў тым, што іх, вось ужо больш за чатыры стагоддзі, выкарыстоўваюць па прызначэнні. Нясвіжцы, як і іх продкі, працягваюць хадзіць у ХХI стагоддзі ў крамы на тым жа самым месцы – такую гістарычную стабільнасць можна параўнаць з якой-небудзь ангельскай традыцыйнасцю.
Пасля спусташальных войн ХVII стагоддзя яна была перабудавана ў стылі позняга барока. Страціўшы два ярусы, яна стала чатырохпавярховай. У 1836-м годзе пажар знішчыў вытанчанае завяршэнне вежы з гадзіннікам. Рэстаўрацыя, якая скончылася ў 2004 годзе, вярнула сімвалу нясвіжскай майдэборыі першапачатковы выгляд. Цяпер высокая шасціярусная вежа, праз якую зроблены ўваход у ратушу, зноў задае сілуэт галоўнай плошчы Нясвіжа.
За савецкім часам у гэтым будынку быў і клуб, і дом піянераў, і дзіцячая бібліятэка, а ўжо за часамі незалежнай Беларусі тут адкрыўся музей з экспазіцыяй пра гарадское самакіраванне. Іранічна, што ў сучасным Нясвіжы помнік Леніну заціснуты ў кут рынкавай плошчы, а яго рука паказвае не на светлы шлях камунізму, а якраз на Ратушу — сімвал гарадскіх вольнасцей, якія зрабілі цяперашнюю Еўропу такой, якую мы яе ведаем.