Спачатку эфір парвала праграма «За шклом». Гледачы кругласуткава сачылі, як шэсць звычайных чалавек жывуць у гасцініцы. Ім прыдумлялі заданні і за іх вырашалі, каму застацца. Потым нас захапіла гульня на выжыванне «Апошні герой» (усе ж памятаюць выпрабаванне, дзе ўдзельнікам давялося есці тлустых белых лічынак?). Ну а пасля прыйшоў «Дом-2» з яго інтрыгамі, плёткамі, бясконцымі разборкамі і «лобным месцам».
Беларускага кантэнту на ТБ у нулявыя паболела, але ён патанаў у вале замежнага. Бюджэты нашых каналаў былі абмежаваныя і не дазвалялі здымаць маштабных праектаў. Пакаленне расло на расійскіх праграмах і трэшовых перадачах MTV. Найбольшыя рэйтынгі мелі рэаліці-шоу.
У 2000-я кумірамі моладзі станавіліся наваспечаныя выканаўцы з «Фабрыкі зорак». З беларусаў на музычным рэаліці-шоу засвяціліся Наталля Падольская, Дзмітрый Калдун і Рыта Дакота.
«Падарожжа дылетанта» і яго нязменны вядоўца Юрый Жыгамонт – у круглых акулярах, капелюшы і з сакваяжам. Кожны выпуск – расповед пра адметную беларускую вёску ці незвычайнае мястэчка. Этнаграфічныя праграмы зазвычай саступаюць па папулярнасці забаўляльным шоу, але гэтая пратрымалася ў эфіры 15 гадоў і працягвае выходзіць у сеціве.
«5х5». Сапраўдны хіт БТ – моладзевае ток-шоу, якое выходзіла (!) у жывым эфіры. Самыя гарачыя выпускі прыпадалі на сераду, калі ў студыі ладзілі дыскусіі. Падлеткі абмяркоўвалі патрэбу фізкультуры ў школе, стасункі з настаўнікамі, сужэнскія здрады і месца жанчыны ў сям'і. З гэтага ток-шоу, дарэчы, пачыналі кар'еру Дзмітрый Шэпелеў і Дзяніс Кур'ян.
«Выбар». У ток-шоу ўдзельнічалі не толькі запрошаныя эксперты, але і тэлегледачы: яны маглі патэлефанаваць у студыю і выказаць сваё меркаванне. Перадача задумвалася як грамадска-палітычная, дзе госці абмяркоўваюць вострыя тэмы. Спачатку вядоўцам быў Ягор Хрусталёў, пасля – Сяргей Дарафееў. Апошняму ўдавалася на працягу эфіру трымаць высокі градус дыскусіі.