Калі б тады хто сказаў, што праз 10-15 год у модзе будуць вялізныя тэлефоны памерам з далонь, яго б дружна засмяялі. У нулявыя большасць любіла кампактныя мабілкі. Гэта была эпоха кнопачных ударатрывалых тэлефонаў. Пра легендарны Nokia 3310 — у народзе «цагліну» — жартавалі, што ім можна было калоць арэхі і забіваць цвікі, а чахол для яго прыдумалі, каб пры падзенні абараніць падлогу.
Так, у нашых першых сотавых не было камеры, каляровага экрану і падтрымкі МР3, затое яны трымалі батарэю па чатыры дні. А мадэль наогул не мела значэння: крутым цябе рабіла ўжо сама наяўнасць тэлефона.
У 2003 годзе прайшоў першы беларускі чэмпіянат па кіданні мабільнікаў. Свае гаджэты не пашкадавалі 85 чалавек. Здагадайцеся, якім быў прыз за першае месца? Правільна: новы мабільнік.
Менавіта ў 2003-м выйшаў сапраўдны «хіт» ад Samsung — звыштонкая на той час (усяго 17 мм) трубка C100, якая здабыла славу дзякуючы шыкоўнай 40-галоснай паліфаніі, што давала вялізную перавагу перад канкурэнтамі. У народзе трубка стварала «ваў-эфект» сваёй «тэрмаядзернай» паліфаніяй. Менавіта з гэтай мадэлі Samsung перастаў быць «серадняком» і доля брэнду на рынку рэзка пачала ўзрастаць.
А ўжо ў 2005-м рынак узарвала мадэль новага часу — слайдар Samsung D600. Кошт на яго быў немалы ($600—700), але і прызначаўся ён для тых, каму быў патрэбны шырокі функцыянал. Слайдар падтрымліваў знешнія маніторы, меў слот для карткі памяці, 2-мегапіксельную камеру, якасны гук і мог трансфармавацца ў музычны плэер.
Апроч слайдараў у 2000-я наша захапленне выклікалі ўсе магчымыя раскладушкі і мадэлі трубак, што змяшчалі пад экранам амаль усю камп'ютарную раскладку. Дарэчы, гэта значна паскарала набор смс-паведамленняў. Ну але сапраўдную рэвалюцыю ў другой палове нулявых зрабіў сэнсарны экран.
Фішкі для мабільнікаў мы пампавалі праз коды, якія друкаваліся ў газетах. Хочаш новую карцінку на застаўку ці песню на званок — адпраўляеш па смс камбінацыю лічбаў. Спачатку мы загружалі паліфанічныя мелодыі, потым перайшлі на рыалтоны ў фармаце МР3. У топе рынгтонаў былі «Бумер», Crazy Frog і прыколы кшталту «гэта баця звоніць».
Цэны на сотавую сувязь на пачатку нулявых проста зашкальвалі. Толькі ўявіце: каб падключыць пакет у 2001-м, трэба было аддаць 150 даляраў! І гэта без уліку абанплаты. З развіццём канкурэнцыі сувязь стала больш даступнай. Цікава, дарэчы, што спачатку абаненты розных аператараў не маглі званіць і адпраўляць смс адно аднаму.