Гэтую з’яву называюць будучыняй інтэрнэту. Што трэба ведаць пра метасусвет?
Сацсетка Facebook нядаўна абвясціла, што збіраецца наняць у Еўропе 10 тысяч чалавек для распрацоўкі метасусвету. Магчыма, гэта будучыня інтэрнэту.
Пакуль не існуе агульнапрынятага вызначэння метасусвету. У нечым яго можна параўнаць з віртуальнай рэальнасцю — светам, створаным тэхнічнымі сродкамі, які перадаецца чалавеку праз яго пачуцці. Аднак метасусвет — нашмат больш складаная з’ява. Ён адрозніваецца ад віртуальнай рэальнасці гэтак жа моцна, як і сучасны смартфон адрозніваецца ад мабільных тэлефонаў саракагадовай даўнасці, тлумачыць ВВС.
Віртуальную рэальнасць звычайна выкарыстоўваюць для гульняў, аднак метасусвет можа даць нашмат больш магчымасцей. Метасусвет можа стаць асяроддзем для працы, гульні, канцэртаў, апускання ў кінарэальнасць ці проста для вечарын і сустрэч з сябрамі. І большасць экспертаў лічаць, што чалавечая камунікацыя павінная стаць галоўным элементам метасусвету.
Багатыя інвестары і вялікія тэхналагічныя кампаніі ставяцца да канцэпцыі метасусвету з вялікай цікаўнасцю. Калі за ёй сапраўды стаіць будучыня інтэрнэту, ніхто не хоча адстаць ад магутнага трэнду. Таксама ў экспертаў ёсць адчуванне, што цяперашняе развіццё тэхналогіі пакідае не так шмат часу да таго моманту, як метасусвет сапраўды запрацуе.
Што звязвае Facebook і метасусвет
Сацсетка лічыць распрацоўку метасусвету адным са сваіх асноўных прыярытэтаў. Facebook, напрыклад, інвеставаў у распрацоўку шлема віртуальнай рэальнасці Oculus і зрабіў яго таннейшым за аналагічныя гаджэты канкурэнтаў. Таксама сацсетка стварае дадаткі віртуальнай рэальнасці для працоўнай і нефармальнай камунікацыі, у тым ліку праграмы, якія ўзаемадзейнічаюць з рэальным светам.
Кампанія нядаўна інвеставала 50 мільёнаў даляраў у працу некамерцыйных арганізацый, каб садзейнічаць «добрасумленнаму стварэнню метасусвету». Аднак эксперты Facebook лічаць, што для сапраўднай распрацоўкі тэхналогіі трэба яшчэ 10-15 гадоў.
Каментары