Меркаванні

Змясціў Назарбаева і стаў сапраўдным лідарам Казахстана. Што эксперты па Сярэдняй Азіі кажуць аб пратэстах у Казахстане

Хаця пратэсты ў Казахстане фармальна завяршыліся, і прэзідэнт краіны Такаеў застаўся ва ўладзе, прычыны і вынікі гэтых падзей выклікаюць яшчэ шмат пытанняў. Якія глыбінныя прычыны пратэстаў, як змянілася канфігурацыя ўлады ў Казахстане, ці была там барацьба кланаў, ці выйграе ад пратэстаў Расія? Шукалі адказы на гэтыя пытанні ў публікацыях экспертаў па Сярэдняй Азіі.

Такаеў выходзіць з крызісу пераможцам

Эксперт па Сярэдняй Азіі з Французскага інстытута міжнародных адносін IFRI і былы супрацоўнік пасольства Францыі ў Астане Мікаэль Левістан мяркуе, што пераможцам у гэтай сітуацыі аказаўся прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў.

«Мы ўбачылі ўмацаванне пазіцый Такаева ўнутры дзяржапарату Казахстана — і пакуль што гэта галоўная выснова, якую мы можам зрабіць з бягучага крызісу. Такаеў выходзіць з яго пераможцам: ён узначаліў Раду бяспекі краіны, скінуўшы з гэтай пасады Назарбаева. Гэта сапраўдная палітычная рэвалюцыя. Ён замяніў Карыма Масімава на пасадзе старшыні Камітэта нацыянальнай бяспекі чалавекам са свайго кола: новым кіраўніком КНБ быў прызначаны Ермек Сагімбаеў, які працаваў да гэтага начальнікам Службы дзяржаўнай аховы. Такім чынам, на сёння Такаеў стаў сапраўдным лідарам Казахстана», — кажа эксперт.

На думку эксперта, Такаеў здолеў скарыстацца сітуацыяй і павярнуць яе сабе на карысць, ён прадэманстраваў выдатны палітычны апартунізм. 

Спецыяліст не бачыць доказаў замежнага ўмяшання ў падзеі ў краіне: 

«Мне здаецца, прычыны цяперашняга крызісу глыбока ўнутрыказахстанскія. Калі ў такой багатай краіне, як Казахстан, сярэдняя зарплата складае 500 даляраў штомесяц, а ўзровень беспрацоўя і інфляцыя рэзка растуць, мне здаецца, няма сэнсу шукаць прычыны за мяжой».

Запрашэнне войскаў АДКБ эксперт лічыць дзіўным. Падчас вайны Арменіі з Азербайджанам і хваляванняў у Кыргызстане АДКБ не стала ўмешвацца. Хутчэй за ўсё, існавала рэальная рызыка звяржэння ўлады. Магчыма, Такаеў не давяраў уласнай арміі.

А што зменіцца ў знешняй палітыцы, і якія ўмовы ў абмен на дапамогу Пуцін паставіў Такаеву? У французскага эксперта няма адказаў на гэтыя пытанні.

«Нагадаю, што менавіта Такаеў у бытнасць міністрам замежных спраў — разам з Назарбаевым — быў адным са стваральнікаў гэтай шматвектарнай дыпламатыі. Ён застанецца вінен Расіі. Якія менавіта ўмовы мог паставіць Пуцін у абмен на ўдзел расійскіх міратворчых сіл? Вядома, у сітуацыі, якая склалася, Расія не магла застацца ўбаку, але ці не скарысталася Масква гэтай сітуацыяй для таго, каб выставіць шэраг умоў?

Узмацненне статусу рускай мовы? Будаўніцтва ў Казахстане атамнай электрастанцыі? Я бачыў, што такія перамовы ідуць з «Расатамам». Трэба будзе назіраць за тым, як Казахстан будзе паводзіць сябе ў бліжэйшыя тыдні і месяцы: ці застанецца ў краіны ранейшая свабода дзеянняў у міжнароднай сферы, якая дазваляла ёй граць ролю першага плана? Пакуль занадта рана пра гэта казаць».

Заблакаваць інтэрнэт у Казахстане аказалася не так і проста

У некаторых рэгіёнах Казахстана некалькі дзён былі сур’ёзныя праблемы з інтэрнэтам. І калі заблакаваць яго фізічна было нескладана, то ўзнікла іншая праблема — Казахстан цяпер настолькі дыджыталізаваны, настолькі залежыць у паўсядзённым жыцці ад інтэрнэт-сэрвісаў, што нават кароткія блакіроўкі паралізоўвалі ў некаторых гарадах усё жыццё. Пра гэта піша Кэтрын Кіган, эксперт па пытаннях дыджыталізацыі ў Сярэдняй Азіі.

Урад Казахстана надае прыярытэтную ўвагу развіццю лічбавай эканомікі, і амаль усё ўзаемадзеянне паміж грамадзянамі і ўрадам, ад рэгістрацыі ў дзіцячы сад да выплаты падаткаў, адбываецца на лічбавых платформах, якія былі выведзеныя з ладу на працягу некалькіх дзён. Залежнасць ад інтэрнэту настолькі вялікая, што людзі, як паведамляецца, з цяжкасцю маглі нават купіць ежу, таму што анлайн-аплата ва ўмовах блакавання інтэрнэту працавала з перабоямі, а гатоўкі ў людзей не было.

Рэжым аказаўся ў закладніках сваёй жа стаўкі на лічбавую эканоміку, бо пры абмежаванні доступу да інтэрнэту паралізуецца ўсё гаспадарчае жыццё, а гэта можа стаць яшчэ большым каталізатарам пратэстаў.

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што блакаванне інтэрнэту ў Казахстане не проста не спыніла пратэсты, але і перавяло іх з выключна мірных на гвалтоўныя. З уключаным інтэрнэтам больш людзей заставаліся пасіўнымі назіральнікамі за пратэстамі, а па блакаванні многія выйшлі на вуліцы.

Рэжыму не канец, але рэформы давядзецца праводзіць

Хаця рэжым у Казахстане і захаваўся, эксперт Маскоўскага Цэнтра Карнэгі Тэмур Умараў лічыць, што ўладам усё адно давядзецца пайсці на рэформы.

«Рэформы адбудуцца на сто адсоткаў. Мы назіраем іх апошнія некалькі гадоў. Гэта тэндэнцыя, якая рэалізавалася б без пратэстаў, але цяпер яна паскорыцца, і ўлады пойдуць на іх яшчэ хутчэй», — сказаў Умараў.

Хаос стаў вынікам барацьбы кланаў

Даніл Кіслоў, расійскі эксперт па Сярэдняй Азіі, кіраўнік партала «Фергана», выказаў здагадку, што хаос стаў вынікам «адчайнай барацьбы за ўладу» паміж варагуючымі палітычнымі кланамі, а менавіта людзьмі, лаяльнымі Такаеву, і тымі, хто прыхільны яго папярэдніку Назарбаеву.

Беспарадкі ў Алматы, сказаў Кіслоў, былі спробай членаў палітычнага клана Назарбаева вярнуць свой уплыў.

Эксперт мяркуе, што зрынуты з пасады першы намеснік кіраўніка Камітэта нацбяспекі, пляменнік Назарбаева Самат Сатыбалдыўлы Абіш мог і праўда быць галоўным арганізатарам беспарадкаў.

Кыргызскі палітолаг Медэрбек Корганбаеў сцвярджае, што атачэнне Назарбаева і Такаева не можа падзяліць ключавыя прыбытковыя галіны, такія як экспарт нафты і сыравіны, кадравая палітыка, гандаль і бізнэс, медыярэсурсы, і іншыя.

Падзеі ў Казахстане падсілкавалі расійскі нацыяналізм і сепаратызм

Даследчык Кейсі Мішэль мяркуе, што апошнія падзеі ў Казахстане могуць зноў распаліць расійскі рэваншызм і нацыяналізм. Расія ў перспектыве зможа выкарыстаць нестабільнасць у Казахстане для таго, каб захапіць яго паўночныя рэгіёны, у якіх пражывае вялікая колькасць рускага насельніцтва. 

Хаця расійскія ірэдэнтысты засяроджваюць сваю ўвагу ў першую чаргу на Украіне, у падобным кантэксце яны рэгулярна згадваюць і Казахстан.

Прэтэнзіі рускіх нацыяналістаў на Паўночны Казахстан маюць даўнюю гісторыю, яны пачаліся яшчэ да панавання Уладзіміра Пуціна. Аўтар згадвае, што ў канцы 1991 года адміністрацыя Ельцына выпусціла афіцыйную заяву, у якой пакінула за сабой права ўзнімаць пытанні аб пераглядзе межаў. У дакуменце тады не былі прапісаныя канкрэтныя рэгіёны, але прэс-сакратар Ельцына пазней патлумачыў, пра што была гаворка: Абхазія (яе Расія адарвала ад Грузіі ў 2008 годзе), Крым і Данбас (іх Расія акупавала ў 2014 годзе), і Паўночны Казахстан. 

Пра тое, што Паўночны Казахстан павінен належыць Расіі, гаварыў і рускі пісьменнік-нацыяналіст Салжаніцын — гэта не былі такія ўжо маргінальныя размовы.

У 2014 годзе, пасля акупацыі Крыма, Пуцін заявіў, што ў казахаў ніколі не было ўласнай дзяржаўнасці, і што яе стварыў Назарбаеў. Часам расійскія высокапастаўленыя чыноўнікі дазваляюць сабе адкрыта шавіністычныя выказванні наконт Казахстана.

Эксперт мяркуе, што з пункту гледжання логікі, Расіі няма ніякай неабходнасці захопліваць Паўночны Казахстан — ні пратэстоўцы, ні ўлады там не ставяць пад пытанне адносіны з Масквой і, у адрозненне ад Украіны і Грузіі, не выказваюць вялікага жадання інтэгравацца ў еўраатлантычныя структуры. З іншага боку, піша аналітык, Расія ў сваёй знешняй палітыцы даўно перастала кіравацца логікай. Пуцін ва ўладзе ўжо больш за 20 гадоў, і ён успрымае сябе не як палітыка, а як дзяржаўнага дзеяча, чыя задача — аднаўленне так званай «гістарычнай Расіі».

Хоць цяпер Масква разам з Такаевым і яго саюзнікамі сканцэнтраваная ў першую чаргу на ўмацаванні рэжыму і падаўленні любых пратэстаў, гэта не азначае, што яна не захоча ў будучыні рэалізаваць патэнцыйны сцэнарый акупацыі. Апошнія пратэсты паказалі, што стабільнасць Казахстана моцна пераацэненая.

Урад краіны цалкам адарваны ад рэалій

Нявыкананыя абяцанні ўрада аб лепшай эканамічнай будучыні ператварылі Казахстан у выбухованебяспечны рэгіён. Краіна даўно пакутавала на беспрацоўе і нізкую заработную плату — асабліва ў цяжкай прамысловасці Заходняга Казахстана, але пандэмія і рэцэсія толькі пагоршылі сітуацыю.

«Гэта ўрад, які моцна адарваны ад рэальнасці. Гэта краіна, дзе няма інстытутаў, праз якія можна выказваць нязгоду; адзіны шлях — на вуліцы», — сказаў Пол Стронскі з Фонду Карнэгі.

Ён кажа, што ўлады абвясцілі пра мноства розных планаў па паляпшэнні жыцця і барацьбе з карупцыяй, але яны так і не былі рэалізаваныя.

Адсутнасць дыялогу і пераслед палітычнай апазіцыі зрабілі ўрад адарваным і сляпым да незадаволенасці насельніцтва.

Па словах Дыяны Кудайбергенавай з Кембрыджскага ўніверсітэта, пратэсты былі не толькі эканамічнымі, але і палітычнымі. Яны былі выкліканыя татальнай карупцыяй і непрыязнасцю да эліты, якая, як лічыцца, хавае мільярды даляраў на афшорных рахунках.

Таксама аналітык звяртае ўвагу на тое, што пратэстоўцаў можна падзяліць на дзве ўмоўныя групы: з аднаго боку — гэта сярэдні клас і палітычныя актывісты з іх мірным пратэстам, з іншага — адчайныя маладыя хлопцы з бедных маргінальных раёнаў Алматы, якія бралі ўдзел у марадзёрствах і рабаваннях магазінаў. Паміж гэтымі дзвюма групамі — велізарная прорва. Сярэдні клас і палітычныя актывісты разумеюць, што марадзёры забіраюць у іх права на мірны пратэст.

Галоўнай праблемай пратэстаў Кудайбергенава лічыць адсутнасць лідарства.

Мары Стразерс з Amnesty International кажа, што злосць і лютасць людзей назапашвалася паступова.

«На працягу многіх гадоў урад нястомна пераследваў мірнае іншадумства, пакідаючы казахстанцаў у стане хвалявання і адчаю», — сказала яна.

Незадаволенасць і нестабільнасць назапашваліся гадамі

Раўшан Жандаева, кандыдат палітычных навук універсітэта ім. Джорджа Вашынгтона, піша, што калісьці Казахстан лічыўся прыкладам аўтарытарнай стабільнасці, нягледзячы на слабую грамадзянскую супольнасць. Аднак перадумовы палітычнай нестабільнасці ўзніклі задоўга да 2022 года, паколькі нездаволеныя патрэбы народа выклікалі нарастанне раздражнення ў грамадстве.

Крах казахстанскай валюты тэнге ў 2015 годзе на фоне нізкіх цэн на нафту, грамадская незадаволенасць продажам зямлі Кітаю ў 2016 годзе, марнаванне грошай на ЭКСПА-2017, «адстаўка» Назарбаева з пасады прэзідэнта (каб заняць іншую буйную пасаду) і перайменаванне сталіцы ў яго гонар ў 2019 годзе, а таксама разбуральныя наступствы кавіднай пандэміі — гэта толькі некалькі прычын незадаволенасці рэжымам.

Пратэсты былі неаднастайныя, піша аналітык, без адзінага парадку дня і кіраўніцтва. Калі ў заходняй частцы краіны мітынгі прайшлі адносна спакойна, то ў Алматы першапачаткова мірны сход перарос у бурныя грамадскія беспарадкі.

Пакуль незразумела, хто ператварыў мірныя пратэсты ў серыю марадзёрстваў. Узнікаюць пытанні адносна пасіўнасці паліцыі і ўзброеных сіл у ахове адміністрацыйных будынкаў і вуліц Алматы ад марадзёраў.

Лукпан Ахмедзьяраў, галоўны рэдактар незалежнага выдання «Уральская неделя», высунуў сваю версію. На яго думку, Самат Абіш, пляменнік Назарбаева і намеснік старшыні КНБ, неафіцыйна кантраляваў мясцовыя сілы бяспекі, з-за чаго прэзідэнт Такаеў не змог нармальна камандаваць ваеннай элітай і сілавікамі, і таму быў вымушаны звярнуцца ў АДКБ.

Звальненне і арышт экс-прэм'ера Карыма Масімава, які ўзначальваў КНБ і з’яўляўся чалавекам Назарбаева, за дзяржаўную здраду пацвярджае гэтую тэорыю. Марадзёры нейкім чынам завалодалі арсеналам КНБ і руйнавалі горад.

Казахстанская шматвектарнасць сыходзіць у мінулае

У Казахстане ў Расіі была тая самая праблема, што і ў Беларусі: кіруючы рэжым манапалізаваў палітычныя кантакты з Масквой. Любы, каго падазравалі ў празмерна цесных сувязях з Расіяй, быў звольнены і ізаляваны, піша эксперт Дзмітрый Трэнін. 

Хаця Такаеў і не з'яўляецца кліентам Масквы, Расія ўратавала яго, каб да ўлады не прыйшлі ультранацыяналісты і ісламісцкія радыкалы, піша аналітык.

«Такаева трэба было выратаваць, як і даўняга лідара Беларусі Аляксандра Лукашэнку летам 2020 года, калі там успыхнулі пратэсты», — піша Трэнін.

Аднак, у адрозненне ад Лукашэнкі, Такаеў не валодае ўсёй паўнатой улады і паўнамоцтваў, а яго паліцыя і ўзброеныя сілы не такія матываваныя, як іх беларускія калегі, каб самастойна спраўляцца з пратэстамі, мяркуе спецыяліст. Таму Такаеў быў вымушаны паклікаць сілы АДКБ.

Гэта дазволіць Расіі падтрымаць рэжым і зрабіць яго больш прарасійскім, як гэта ўжо адбылося ў Мінску і Ерэване.

З гэтай думкай згодны прафесар Лука Анчэскі. Ён мяркуе, што шматвектарнасць Казахстана — мантра знешняй палітыкі эпохі Назарбаева — цяпер сышла ў мінулае.

Пра тое, што пазіцыі Казахстана паслабяцца, пішуць і польскія аналітыкі з Ośrodek Studiów Wschodnich.

«Перш за ўсё, краіна губляе пазіцыі стабільнай і ўстойлівай дзяржавы, што эфектыўна развіваецца і лавіруе паміж Расіяй, Кітаем і Захадам, якая мела патэнцыял стабілізацыі, які цяжка было пераацаніць. У цяперашняй сітуацыі, па меншай меры, у кароткатэрміновай перспектыве, Расія становіцца непасрэдным гарантам стабільнасці дзяржавы і ўладаў і павялічвае свой уплыў на стратэгічныя інстытуты Казахстана і кадравую палітыку», — пішуць польскія аналітыкі.

Канец аўтарытарнай мадэрнізацыі

«У сучасным свеце немагчыма быць мадэрнізаванай аўтакратыяй (якой пазіцыянаваў сябе назарбаеўскі Казахстан, — заўв. Рэд.), якая падтрымлівае дружалюбныя адносіны з Захадам і ў той жа час запрашае расійскія войскі ў краіну», — піша эксперт Аляксандр Баўнаў.

Паспяховая аўтарытарная мадэрнізацыя звычайна магчымая толькі ў аўтакратыях, якія з’яўляюцца хаўруснікамі Захаду, такіх як капіталістычныя «азіяцкія тыгры», Іспанія ў познія часы кіравання Франка, некалькі дыктатур Лацінскай Амерыкі. Гэта была стратэгія Назарбаева, каб спалучаць аўтарытарную мадэрнізацыю з абмежаваннем уплыву Кітая і Расіі на краіну.

Казахстанскае кіраўніцтва шчыра хацела падтрымліваць сяброўскія сувязі як з Захадам, так і з Расіяй, а не проста выкарыстоўваць варожасць паміж імі, як гэта рабіла Беларусь. 

Краіна і не раздражняла Расію — у яе не было жадання далучацца да палітычных ці ваенных груповак, супраць якіх выступала б паўночная суседка. У адрозненне ад Усходняй Еўропы, якая атрымала ў спадчыну выбар часоў Халоднай вайны паміж НАТА і ЕС або Расіяй, Цэнтральная Азія не сутыкалася з такой экзістэнцыяльнай праблемай.

Але апошнія падзеі ўсё змянілі. Для постсавецкіх краін гэта прыклад таго, наколькі цяжка становіцца падтрымліваць раўнавагу ў спрэчцы паміж Расіяй і Захадам. Аўтар мяркуе, што канцэпцыя «аўтакратыі, блізкай да Захаду», больш нежыццяздольная.

Эксперты «праспалі» Казахстан

Пратэсты ў Казахстане заспелі знянацку не толькі ўлады краіны, але і міжнародных аглядальнікаў, мяркуе эксперт Эрык Д'амата, пра што піша ў сваім артыкуле для Newsweek.

Ён шчыра прызнаецца, што эксперты цалкам «праспалі» падзеі ў Казахстане. 

«Сказаць, што эксперты праспалі раптоўныя агульнанацыянальныя пратэсты і жорсткія сутыкненні, было б прымяншэннем», — гаворыцца ў артыкуле.

Доказам гэтага аўтар лічыць поўную адсутнасць на месцах рэпарцёраў вядучых заходніх СМІ, некаторыя з якіх замест гэтага вядуць «рэпартажы», знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад месца падзей.

Ніхто не змог прадбачыць, што не занадта вялікія пратэсты супраць падаражання звадкаванага газу праз некалькі дзён скончацца падпалам прэзідэнцкага палаца і мэрыі.

Чытайце таксама:
Што Масква хоча ад Казахстана?

Каментары

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні6

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні

Усе навіны →
Усе навіны

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!14

«Межы сціраюцца». Беларуска расказала, як і навошта стала вывучаць эсперанта на радзіме яго заснавальніка2

Беларуская прапаганда пабаялася паказаць, што Верамейчыка вывозілі самалётамі «Белавія» і «Аэрафлота»2

На плоце магілёўскага прадпрыемства з'явіўся гістарычны мурал ФОТАФАКТ1

У Варшаве хлопец пагражаў нажом беларусу і ўкраінцы. Яму не спадабалася мова, на якой яны размаўлялі10

«Мне не далі жыцця — увесь час правяралі, трэціравалі». Былы палітвязень расказаў, чаму праз тры гады пасля вызвалення ўсё ж выехаў з Беларусі1

Расійскі блогер сыграў у S.T.A.L.K.E.R.2 і выразаў літару Z на забітым персанажы. Ён жыве ў ЗША7

Лукашэнка даў прытулак суддзі Шміту, які ўцёк з Польшчы2

Справай Васіля Верамейчыка зацікавіўся ГУР Украіны7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні6

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні

Галоўнае
Усе навіны →